Было дзіва як хораша.

Бліснула наперадзе яшчэ чыстая, непазелянелая вада (гэта прыйдзе пазней, з цеплынёй): рэчка не рэчка, а хутчэй рукаў рэчкі, ператвораны калісьці ў роў. Лядашчы мосцік ляжаў над вадой. І тут я спыніўся, нібы мяне нехта ўдарыў.

Вачам адкрылася нешта такое, што не да веры, чаго не бывае, не павінна быць сярод гэтай разнежанай весняй прыроды, сярод гэтых ласкавых дрэў і зялёнай травы.

На тым баку ўзвышаўся мур і вежа (астатняе хавалі дрэвы), крыху-крыху толькі ў пражоўць, цёмна-свінцовага, амаль чорнага колеру.

Замак. І які пагрозны, пачварны замак!

І не на ўзгорку, не наводдаль, каб чалавек паспеў неяк падрыхтавацца, а твар у твар, як нечаканы цёс мяча.

Ясна, што парк быў пасаджаны пазней, калі замак перастаў быць замкам, а стаў палацам, хай сабе і невыгодным, але прыдатным на тыя часы, і ўсё адно ўражанне было сапраўды ўразлівым, нібы чалавек падышоў да гушчару і раптам убачыў там разверстую ў рыку пашчу льва.

І гэта было так, таму што я ўбачыў проста перад сабой цёмную і дужа нізкую арку брамы.

І гэта была брама-праём, брама-тунель, брама-ўваход у пячору страшнага гіганта-волата са злоснай казкі.

Нават з нейкім трымценнем набліжаўся я да гэтай пашчы. І тут убачыў, што мур з абодвух канцоў замыкаюць дзве кутнія вежы. Пяць граняў знадворку. Шостая, відаць, выходзіла ва ўнутраны двор. Мур вышынёй метраў дзесяць-дванаццаць даходзіў вежам да пояса, да байніц сярэдняга бою. Вежы былі пустыя і часам свяціліся гэтымі байніцамі. Дахі на вежах спічастыя, і засталіся ад іх амаль толькі кроквы ды латы і толькі сям-там чарапіца.

Замак разбілі год дзвесце таму тагачасныя фашысты.

Я ішоў брамаю-тунелем. Ага, праёмы пад завалу знешніх, надворных, варотаў. Ніз тунеля, як і ўвесь, відаць, замкавы ніз, выкладзены цыклапічнымі неабчасанымі валунамі. Сляды ўнутраных варот. Божа, даўжыня тунеля метраў пятнаццаць! Няўжо такой таўшчыні муры? Не, проста, відаць, над тунелем было памяшканне.

І святло. Што ж, планіроўка простая. Квадрат. Кожны бок метраў па сто дваццаць. Злева тры вежы і справа. Насупраць, калі не лічыць дзвюх бакавых, яшчэ дзве, разам чатыры. А ўсяго, значыцца, па перыметры, восем. Мур збольшага, трэці на дзве, збярогся, сям-там развалены амаль данізу, але ўваход калісьці быў толькі адзін. І па перыметры муроў (таўшчыня, там, дзе развалена, на вока метра паўтара-два) рады вокан жылых памяшканняў. Вокан і дзвярэй. Так, дзвярэй, бо там, дзе муры не развалены, абкружае іх каменная галерэя, дзе закрытая аркамі і дахам, а дзе і адкрытая, унь, злева і там, дзе збераглася, проста перада мной. Там калодзеж. Справа, калі зірнуць за мур, над верхавінамі дрэў, вежы касцёла і «дзыгар».

Але і тут, усярэдзіне, унь, у левым далёкім куце, відаць рэшткі капліцы.

Фасады замка бедныя, а тут, там, дзе сценка жылога памяшкання ўпала, відаць, што ўнутраны дэкор быў багаты.

Верхнія паверхі некаторых вежаў былі, відаць, таксама жыллём. Унь ляпніны на столях, унь віюцца сляды дымаходаў.

«Ах, ёлупень! Ах, бесталач, асталоп, паўдур'е, медны лоб, ёлуп хвашчоўскі! Ты правільна, бо змяя віецца і вінтавая лесвіца віецца, вырашыў навіваць пергаментную стужку на нейкі прадмет. І не стукнула ў мякінную тваю галаву, чаму «дымам»?

Вось чаму. Унь яны віюцца, твае дымаходы. Іх назнарок часам рабілі такімі. Нават знадворныя коміны часам завівалі, каб дым з іх выходзіў калечкамі або вінтом. Яшчэ адно адрозненне, яшчэ адна магчымасць пакуражыцца перад іншымі не толькі шпіцамі і флюгерамі, рэшткі якіх відаць ужо там і сям, але і дымам. І гэта ж не ў адных Альшанах. У, медная твая конаўка!»

На-а, замак. І ясна ж, што ёсць тут і патайныя калодзежы, хады, сховішчы, склады, студні, сутарэнні (ясна ж, арчастыя), лабірынты пераходаў, каменныя мяхі. Іначай які ж гэта замак? Што мы, горшыя за іншых? Цікава будзе тут пашукаць-папоўзаць.

На першых паверхах памяшканні ніжэйшыя, там, дзе муры развалены, відаць, што скляпеністыя: дом у разрэзе. Жыла там, пэўна, варта ды прыслуга. Вышэй былі залы, высокія, з лепкай, нішамі для посуду. А унь камін. Мабыць, ёсць і патаемныя сходы, ясна ж, таксама вінтавыя. Што ж, палазім хаця ў прыёмных залах для гулянак-папоек, хаця нічога там няма, а ёсць толькі пройма, павуцінне, вільгаць і пыл.

Толькі тут я апусціў вочы і разгледзеўся па двары. І добра зрабіў, бо давялося б абціраць туфлі.

Відовішча было ахавае.

Я заўсёды абураўся свінскім адносінам да большасці старых будынкаў. Чаму свінарнікі чамусьці ў большасці любяць змяшчаць у старажытных фальварковых абсадах, калі там самае месца для клуба, раддома, бальніцы, стадыёна, спортпляцоўкі. Зялёныя шаты, цень, кісларод. Але гэтыя ўстановы чамусьці стаяць на пустыры. А вакол пруцікі новых пасадак.

Разбілі касцёл у Варончы — які клуб і які сад побач, якія раскошныя двухсотгадовыя алеі! Магутнае, спявучае, пышнае барока касцёла ў Шчорсах. Які музей (а музей вясковы побач, у цесным памяшканні)!

Апраўданне знаходзяць у словах адной асобы, што трэба будаваць новае, а парахня (муры ў паўтара метра таўшчынёй) няхай рассыпаецца, хаця прыстасаваць «парахню» пад нешта бывае лягчэй, чым пабудаваць новае, якое часам, калі ёсць «парахня», можа крыху пачакаць. Хай сілы і грошы будуць аддадзены яшчэ чамусьці.

Што ж, і асоба была добрая свіння, і тыя з «апраўданнем». Я звыкнуў ставіцца да гэтага больш-менш спакойна.

Але тут нават мяне стукнула. Двор быў літаральна завалены розным ламаччам і хламам і тым, што было калісьці высокакаларыйным беларускім сенам. Словам, каровіны праснакі і авечы боб.

А проста перад сабой, між першай і другой вежамі справа, я ўбачыў натоўп. У адным месцы мур быў даламаны амаль да зямлі на шырыню прыблізна трох метраў, а побач, на вышыні метраў чатырох, некалькі юнакоў з ламамі ў поце аблічча працавалі, разбіваючы цамянку: відаць, хацелі пашырыць пралом.

Я падумаў, што гэта марныя штучкі, што тут і шар-баба не дужа б дапамагла і што той, амаль скончаны, пралом зрабілі не людзі, а час. Але тыя стараліся, што наверсе.

Цэнтрам была група людзей. Адзін у сінім падношаным гарнітуры і ў ботах меў аблічча чалавека, які звыкнуў і падпарадкоўвацца, і загадваць, аблічча валявое і жарсткаватае, грубавата-часанае. Па пагляду старшыня калгаса, як яно пасля і выявілася. Было яму год пад пяцьдзесят, і быў ён здаровы, як конь. І змякчала выраз яго твару толькі гумарыстычная складка ў краёчку вуснаў. Не спадабалася мне толькі, што быў ён з чубком, як у бедалагі-нябожчычка фюрэра. З некаторых часоў я больш за ўсё на свеце не люблю такой прычоскі ды яшчэ вусікаў падобнага тыпу, якіх у чалавека, на шчасце, не было. А то б я зрабіў нешта несамавітае. Напрыклад, запусціў бы ў яго апаратам.

«Гаспадар. Тым больш што і пасёлак сельсавета тыпу Альшаны ляжыць на тэрыторыі калгаса».

Побач з ім стаяў з партфелем у руцэ чалавек невысокага росту, таксама год пад пяцьдзесят, але зусім іншага тыпу. Твар шырокі, пасечаны дробнай сеткай зморшчын. І на гэтым твары цёмныя ўважлівыя вочкі. Чорная кароткая стрыжка, вялікія, нібы ў Буды, вушы. Ад яго на адлегласць у пятнаццаць сажняў прыемна тхнула перагарам, і, мабыць, таму твар ягоны быў дабрадушны. Тое, што называецца «вясёлы з пахмелу». Быў ён прысадзісты, крыху сагнуты і махаў рукамі, не выключаючы той, з партфелем, больш за ўсіх.

І яшчэ адзін кінуўся мне ў вочы. Убаку сядзеў на траве, на касагоры, магутнага складу і не менш чым сажнёвага росту чалавек з шырокім абліччам. Чорныя крылатыя бровы, сінія вялізныя вочы, арліны нос, гожы шырокі мужчынскі рот. Аблічча надзіва інтэлігентнае, хоць на прафесарскую кафедру, але нейкае трывожнае і дзікаватае, не такое, як у звычайных людзей.

Аб тым, што гэта не прафесар, сведчыла толькі тое, што быў ён апрануты бедна: у паркалёвай расхрыстанай на грудзях сарочцы, картовых чорных портках, запраўленых у ялавыя старыя боты.

Чалавек насіў кепку казырком назад (пасля я даведаўся, што гэта адна з яго заўсёдных адзнак, нават калі ён не быў у мучным пыле, а не хвілінны капрыз), і вакол яго круціліся дзесяткі два сабак усякага росту і масці і пераважна дрэннай пароды.