— Нічога сабе зручней.

— Дык сёння туды наш грузавік паедзе, машыны прымаць. І вось Ганчаронак паедзе, Высоцкі, Шаблыка. Шаблыка па школьныя прылады. Загадзя. На будучы год. Мы гэтага «ўзахапы і напярэймы» не любім. Даедзеце якраз да цягніка вячэрняга. Дый на будучыню, вось Высоцкі, наш «возны», прашу шанаваць. Кожны дзень у Альшаны, у іншыя месцы па акрузе, кожныя два-тры дні — на станцыю. І «казёл» ёсць і «Масквіч», а часам даводзіцца й так «аўсянай парай».

Уздыхнуў:

— Падманула нас чыгунка. Дайшла калісь да Езна, а пасля вільнула на паўночны захад і пайшла, пайшла ўсё далей, аж да Кладна. А адтуль аўтобусам — самі ведаеце. А каб да нас — быў бы ўжо, можа, някепскі гарадок.

— Калі будзе магчыма — скарыстаюся.

…Праз гадзіну Шаблыка, Высоцкі, Ганчаронак і я ўжо трэсліся ў кузаве грузавіка.

Ніхто не захацеў лезці ў кабіну да шафёра, бо майскі надвячорак стаяў надзіва цёплы.

Я ўспомніў словы з той паэтычнай легенды:

Слуцкай брамай начною таемна яны уцякалі:

Месяц у хмарах нырае, а хмары імкнуць, нібы хвалі.

— Слухайце, Шаблыка, ёсць у замку Слуцкая брама? І чаму — назва? Брама ж адна.

— Ёсць. Праўдзівей, была. Слуцкая, або Нясвіжская. Адтуль калісь вёрст праз дзесяць была паваротка на Нясвіж — Слуцак. Пасля яе цэглай заклалі. Як і другую. Адна толькі трэцяя засталася. Галоўная. Слуцкая — гэта другая з таго боку, што супраць Галоўнай.

Зараз я быў амаль упэўнены, што гэта менавіта ў ёй гарэў начны агеньчык, бачны з аднаго пункта дарогі. І ў суседняй уваход у падзямелле.

— З тым бокам, напэўна, і ваенная гісторыя звязана, — сказаў Шаблыка. — Дошку ў пары кіламетраў ад вёскі бачылі?

— Бачыў.

І сапраўды, стаіць невялічкі абеліск з шэрага бетону, і ў яго ўмуравана мармуровая дошка:

«На гэтым месцы пахаваныя чатырыста савецкіх грамадзян,
па-зверску забітых 15 ліпеня 1944 года нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
Вы стаялі да скону,
Як гэта належыць людзям.
Спіце спакойна,
Радзіма пра вас не забудзе».

— То немцы з вёскі ўсіх людзей у апошнія дні выгналі. Думалі — страляць. Але не. Толькі прымусілі ў чыстым полі пад аховай пражыць тры дні. Сёй-той у аблаву не трапіў, бадзяўся ў лесе, але ў Альшанку ісці баяўся. То яны бачылі, як ішлі ў напрамку замка грузавікі пад аховай. Шмат. Штук сорак-пяцьдзесят. Ведаеце, гэтыя нямецкія, тупарылыя. А да таго, як яны ехалі, прыгналі туды вялізную калону людзей. А пасля, дужа здалёк, стрэлы. На зыходзе трэцяга дня. І назад ужо — ніхто. Ведаеце, можаце здагадацца, што гэта было.

— Ведаю, айнзацкаманды дабро і архівы хавалі.

— Чаму? Маглі ж вывезці? Хаця не. Кладна тады было ў напаўкатле, — думаючы ўголас, сказаў Шаблыка. — Дай бог вывесці хаця б частку войска.

Машына пачала раздзіраць фарамі прызмерак, які няўлоўна гусцеў.

— І яшчэ адно, — сказаў я. — Ці не звязана гэтая гісторыя з іншай, вельмі даўняй. Альшанскі з немцамі супрацоўнічаў?

— Ну.

— Мог быць і пры сховах і пры расстрэле. Я тут разгадваю адну цікавую галаваломку трохсотгадовай даўнасці. Страшнаватая. І шмат каму яна каштавала жыцця.

— І разгадалі? — нечакана спытаў Высоцкі. (Мы думалі, што тыя дрэмлюць.)

— Амаль.

— Разгадка, відаць, не на сярэдняга чалавека, — сказаў ён.

— Ну, нашто так? Калі розум учэпісты, то якраз на такога. Ну і, вядома, сякія-такія веды трэба мець.

— Ну, тады гэта не нашага розуму справа. Шаблыкава унь хіба.

Езна было той невялічкай станцыяй (мала іх пасля вайны засталося ў Беларусі), дзе і дагэтуль на будынку вісіць звон, у кветніку з аднаго боку высяцца таўшчэзныя таполі, а ў маленькай зале чакання цьмяна і душна, і плача, канькае невядома чыё кацяня.

…Калі злезлі з грузавіка, у мікраскапічным станцыйным пасёлку ўжо заміргалі першыя агні. Высоцкі з Ганчаронкам пабеглі па сваіх справах (умоўлена было на позні час), а Шаблыка, у якога ў Езна былі прыяцелі, перш чым ісці да іх начаваць, а заўтра з раніцы ўзяцца за работу, пакурваючы са мной на пероне, глядзеў удалячынь, за далёкі агеньчык светафора.

— Вось чаму гэта так, Антосю, што ў юнацтве да цягніка гуляць хадзілі, як на баль?… Нейкае іншае жыццё побач пралятае… Не наша… Можа, прыгажэйшае, а можа, такое, што сабаку не пажадаеш. А зараз не цягне. Сядзеў бы і сядзеў на сваім месцы.

— Мохам абрастаем, Рыгор. Старэем.

— Відаць, так… Дык што ты там, Антосю, казаў пра галаваломку?

Я ў самых агульных рысах расказаў яму аб усім, не згадваючы, вядома, ні пра лёс Мар'яна, ні пра кнігу, ні пра змест напісанага, ні пра ўсю катавасію, якая раптам узнялася вакол легенды трохсотгадовай даўнасці.

Шаблыка задумаўся.

— Нешта ва ўсім гэтым ёсць, — урэшце сказаў ён. — Але ўсё адно нічога не атрымаецца. Ты не ведаеш таўшчыні і даўжыні кійка.

— Ну, «начаткі», як казаў неўміручы Якуб, і мы ведаем, — сказаў я. — Матэматыкі ў сэнсе.

— То што, блізкі да разгадкі?

— Досыць блізка.

— То маўчы ты тады, хлопе, і нікому — ані. Каб іскры з цябе не было чым выбіць. Справа нейкая… паскудная… Нечалавечая нейкая справа.

— Што ж, Антон Глебавіч, — «изрек», падыходзячы, Высоцкі, — давядзецца вам хочаш не хочаш, а ехаць са мной да наступнай станцыі.

— Чаго? — здзівіўся Шаблыка.

— А, чорт на яго, кладаўшчыка… Дамаўляліся — не, пацёгся некуды ў суседнюю вёску. Нейкае там ці вяселле, ці пахаванне.

— То што вы? — спытаў я.

— Ганчаронак тут застаўся, а я да яго сваякоў ісці не захацеў. Паеду да Польнай. Там сябар, у яго пераначую, а першым ранішнім — сюды.

Падкаціў цягнік. Вогненным змеем з чужога свету. Прамільгнулі ў вагоне-рэстаране занадта ўзнёслыя воблікі мужчын і занадта гожыя пастаці жанчын. Некаторыя былі з келіхамі ў руках. І ўсе глядзелі на гэты асветлены лапічак зямлі, перад якім доўгі час была цемра — з рэдкімі агнямі сярод палёў — і пасля якіх, яны ведалі гэта, зноў на доўгі час будзе цемра.

— Гэй, тубыльцы! — загарлаў нейкі «піжамны» з падножкі. — Тут у буфеце піва няма?! Бо ў вагоне скончылася!

І тут я здзівіўся выразу жорсткай, неўблажымай нянавісці на твары Высоцкага. Такім звычайна лагодным і заўсёды добрым твары.

— Такім, як ты, няма, прыхадзень, — працадзіў ён. — І ўвогуле, каці, — гэта ўжо ўголас, — табе люру* глахтаць. Або ўвогуле г…

* Lura (польск.) — памыі.

Жыццярадасны «прыхадзень» жыва забраўся назад у вагон, як слімак у сваю ракавіну. Можа й, паспрачаўся б, але ўбачыў — стаяць трох. Хаця я і Шаблыка былі тут ані сном, ані духам…

…Калі мы селі ў амаль пусты вагон і зусім пустое яго аддзяленне, я спытаў Высоцкага:

— Ну чаго вы яго так?

— Ат, — усё яшчэ сапучы, сказаў ён, — ты тут калаціся чорт ведае куды, вяртайся на досвітку назад, а ён — «тубылец». А колькі ж тут памерзнута, колькі памокнута, пастраляна колькі, пабіта…

— Рацыя, — сказаў я. — Я таксама аднойчы ехаў. Лістапад. Золь. Прысмерак. Пейзажы паабапал чыгункі, самі ведаеце, якія пасля немцаў. Ну стаім, курым у тамбуры. І тут нейкі маёр глядзіць на туман ды дождж і кажа: «Правільна немцы гэтую краіну «шайзэланд» называлі». Я тут не вытрымаў: «Калі табе жонка са мной ці з кім іншым рогі наставіла, то не крычы пра сваю ганьбу. Калі слабак, то такой зямлі не лай», — і не стрымаўся: «А калі ты зараз не зробіш, як кажуць твае нацысты, «хальт маўль»*, то я зараз дзверы адчыню і цябе — з поўнага ходу пад адхон выкіну…» Ён чамусьці заторкнуўся. Пайшоў да сябе.

* Заторкніся (ням.).

Морда мая, відаць, нават пры адным успаміне зрабілася незвычайная, бо Высоцкі глядзеў на мяне, нейк занадта прыглядаючыся.

А мне стала раптам сорамна і ўспаміну, і таго, як я тады расхваляваўся.

Цягнік калаціла на сутыках. Высоцкі адвёў вочы, таксама расхваляваны.

— А чаму вы тут возным? — спытаў я. — У вас жа нейкая асвета ёсць. Гледзячы па мове дый манерах.