- Але ж вы разумееце?

Мiс Марпл кiўнула згодна галавой.

- Мой дзядзька, - растлумачыла яна, - нiколi не трацiў самавалодання. У яго было прозвiшча "Нiколi - нiякiх - эмоцый". Ён таксама вельмi любiў кветкi.

- Я думаю, - сказаў з запалам мiстэр Спэнлаў, - што на заходнiм баку катэджа ў мяне будзе альтанка. Ружы i, магчыма, глiцынiя. I яшчэ гэта белая кветка, падобная на зорку... цяпер не ўспомню, як яна называецца.

Мiс Марпл лагодным голасам, якiм звычайна размаўляе з трохгадовым пляменнiкам, сказала мiстэру Спэнлаў:

- У мяне ёсць вельмi добры каталог з малюнкамi. Напэўна, вы хочаце паглядзець яго, а мне трэба схадзiць у вёску.

Мiстэр Спэнлаў застаўся сядзець у садзе з каталогам у руках. Гэты занятак яго крыху супакоiў. А мiс Марпл прайшла ў дом, хуценька загарнула нейкую сукенку ў паперу, выйшла з хаты, накiравалася да пошты. Мiс Полiт, швачка, жыла ў пакоях над поштай.

Але мiс Марпл адразу не ступiла на прыступкi i не адчынiла дзвярэй. Была палова трэцяй, i праз хвiлiну каля пошты спынiўся аўтобус. Жанчына-палiцмайстар выскачыла з пакетамi, бо пры пошце была маленькая крама, дзе прадавалi цукеркi, танныя кнiжкi i цацкi.

Амаль чатыры хвiлiны мiс Марпл была адна на пошце.

Пакуль жанчына-палiцмайстар вярнулася назад да аўтобуса, мiс Марпл паднялася наверх i растлумачыла мiс Полiт, што яна хоча перашыць сваю крэпдэшынавую сукенку на маднейшую.

Галоўны канстэбль вельмi здзiвiўся, калi да яго завiтала мiс Марпл.

- Прабачце, прабачце, калi ласка, што турбую вас. Я ведаю, што вы вельмi заняты, але я палiчыла, што лепш звярнуцца да вас, палкоўнiк Мэлчэт, чым да iнспектара Слэка. Перш за ўсё мне б не хацелася, каб у канстэбля Полка былi якiя-небудзь непрыемнасцi. Правiльней было б, я мяркую, каб ён нiчога не чапаў.

Палкоўнiка Мэлчэта вiзiт гэтай жанчыны азадачыў.

- Полк? Гэта канстэбль у Сент-Мары-Мiд, так? Што ён натварыў?

- Ён падняў з падлогi шпiльку i прышпiлiў да свайго кiцеля. Яшчэ тады я падумала, што, можа, ён знайшоў яе ў доме мiсiс Спэнлаў.

- Цiкава, цiкава, дык, нарэшце, што такое шпiлька? Сапраўды, ён падняў шпiльку, якая ляжала каля забiтай мiсiс Спэнлаў. Прыйшоў i сказаў пра гэта Слэку, учора, - я думаю, гэта вы яго навялi на такую думку. Ён не павiнен быў чапаць яе, але я ўжо сказаў, што такое шпiлька? Гэта толькi звычайная шпiлька. Такiмi шпiлькамi карыстаюцца звычайна ўсе жанчыны.

- Ды не, палкоўнiк Мэлчэт, вы тут памыляецеся. Магчыма, калi паглядзець з мужчынскага боку - гэта звычайная шпiлька, а на самай справе гэта не так. Гэта спецыяльная шпiлька, вельмi тонкая, з тых, якiя прадаюцца цэлым наборам, i iмi карыстаюцца звычайна швачкi.

Мэлчэт здзiўлена паглядзеў на мiс Марпл, цьмяна пачынаючы разумець, на што намякае гэта жанчына. Мiс Марпл нецярплiва кiўнула некалькi разоў галавой.

- Пэўна ж, так. Мне здаецца гэта такiм вiдавочным. Мiсiс Спэнлаў была ў кiмано, таму што збiралася прымерваць сваю новую сукенку; яна зайшла ў пярэднi пакой, а мiс Полiт, вiдаць, сказала, што трэба памераць, i абкруцiла вакол шыi... а потым ўсё, што ёй трэба было зрабiць - гэта перакрыжаваць канцы рулеткi i зацiснуць... вельмi лёгка, як я чула. Зрабiўшы сваю чорную справу, яна выйшла з катэджа, зачынiла дзверы, спынiлася на ганку, узяла ў руку малаточак, як быццам толькi што прыйшла. Але шпiлька даказвае, што яна ўжо была ў гэтым доме.

- I гэта мiс Полiт званiла па тэлефоне Спэнлаў?

- Ага. З пошты ў дзве гадзiны трыццаць хвiлiн, якраз калi прыходзiць аўтобус i на пошце нiкога няма.

- Але чаму, паважаная мiс Марпл? Чаму? Цi ж можна забiваць чалавека без дай прычыны.

- Бачыце, палкоўнiк Мэлчэт, з усяго пачутага мною я зрабiла вывад, што злачынства небеспадстаўнае, яно мае даўнi пачатак. Ведаеце, яно нагадвае мне двух маiх кузенаў Энтанi i Гордана. За што б нi ўзяўся Энтанi, у яго ўсё заўсёды iшло добра, а ў небаракi Гордана - наадварот: скакавыя конi закульгалi, акцыi ўпалi, маёмасць абясцэнiлася. Як я разумею, гэтыя дзве жанчыны разам удзельнiчалi ў адной справе.

- У якой?

- Крадзяжы. Даўно. Вельмi каштоўныя камянi смарагды. Пакаёўка i служанка. Таму што адзiн факт нельга растлумачыць: дзе служанка, калi выйшла замуж за садоўнiка, узяла столькi грошай, каб адкрыць краму? Тут была ўкладзена яе частка здабычы, я лiчу, такi выраз падыходзiць у дадзеным выпадку. Усё, што яна нi рабiла, канчалася ўдала. Грошы рабiлi грошы. Але другой удзельнiцы, пакаёўцы, не пашчасцiла. Яна стала звычайнай сельскай швачкай. Мiнула шмат гадоў, i яны зноў сустрэлiся. Спачатку ўсё было нармальна, пакуль на сцэне не з'явiўся Тэд Герард. Разумееце, мiсiс Спэнлаў пачало мучыць сумленне, таму яна схiлiлася да рэлiгii. Гэты малады чалавек, безумоўна, угаворваў яе "адкрыцца" i "ачысцiцца", i, вiдаць, яна б гэта зрабiла. Але мiс Полiт глядзела на ўсё iнакш. Яна разумела, што можа сесцi ў турму за крадзеж, якi ўчынiла многа гадоў таму назад. Таму яна прыняла рашэнне: палажыць канец усяму гэтаму. Мяркую, яна заўсёды была разбэшчаная жанчына. Мне здаецца, яна б i вокам не маргнула, калi б павесiлi гэтага слаўнага бязглуздага мiстэра Спэнлаў.

- Мы можам... праверыць вашу тэорыю, каб паставiць кропку, - паволi вымавiў палкоўнiк Мэлчэт. - Iдэнтыфiкацыя мiс Полiт з пакаёўкай у сям'i Аберкромба, але...

- Гэта будзе вельмi лёгка, - запэўнiла яго мiс Марпл. - Яна з тых людзей, якiя прызнаюцца адразу, калi сутыкаюцца з праўдай. I потым, паглядзiце, у мяне яе рулетка. Я... украла яе, калi была на прымерцы. Выявiўшы прапажу, яна здагадаецца, што рулетка ў палiцыi.. Да таго ж яна вельмi неадукаваная жанчына i падумае, што рулетка - ёсць доказ у гэтай справе супраць яе.

Яна ўсмiхнулася яму i бадзёра дадала:

- Магу запэўнiць, што ў вас не будзе клопату.

Мiс Марпл сказала яму такiм тонам, якiм аднойчы яго цудоўная цётка запэўнiла яго, што ён не можа не здаць уступных экзаменаў у Сандхерст*.

* Сандхерсцкi ваенны каледж паблiзу вёскi Сандхерст, графства Беркшыр.

I ён здаў.