Гаварыў лясун, i словы яго закалыхвалi лес i ўсё, што было ў лесе. А месяц, спусцiўшы свае бледныя, тонкiя нiцi, цiхусенька дакранаўся да яго i навейваў яму адпаведныя сны, што яшчэ болей замацоўвала той светапогляд i тую фiласофiю, што злажылася ў лесе.

Так праходзiлi цэлыя гады i вякi.

Але кожная з'ява i кожная рэч на свеце знаходзiцца пад уплывам розных чыннiкаў, i чыннiкi гэтыя часта бываюць зусiм процiлежных катэгорый. I бывае такi момант, калi сiлы чыннiкаў розных уплываў стыкаюцца, як у полi крыжавыя дарогi, перасякаюцца ў якiм-небудзь месцы, каб падпарадкаваць сабе гэтую з'яву цi гэтую рэч, каб панесцi яе па сваёй пуцiне.

Так было i тут.

Паслала сонца свае праменнi на зямлю, каб сагрэць яе, развеяць туман i прынесцi ёй радасць i шчасце. Адзiн прамень сонца, - а яму было прызначана заранiць у сэрцы стварэнням на зямлi новыя мыслi аб новай праўдзе i справядлiвасцi на свеце, - праходзячы неасяжныя прасторы, згубiў дарогу на зямлю i заблудзiўся ў глухой цемрадзi сусвету. Даўгiя вякi блукаў ён у мiжпланетных прасторах сярод халодных пустэляў, шукаючы зямлi, i не знаходзiў яе. Схадзiў ён з канца ў канец увесь Млечны Шлях, агледзеў усе плямы туманнасцей, заходзiў на ўсе вядомыя i не вядомыя людзям планеты, насiўся па-над зорнымi краямi, зазiраў i ў iншыя краiны гэтага, страшнага ў сваёй бязмежнасцi, сусвету, а дарогi на зямлю не знаходзiў. I толькi часамi свяцiўся ён ружовым ззяннем у бяздоннях неба, i такою лагоднаю ўсмешкаю калыхаўся яго бляск вечарамi ў пустых багнах неба. I тады весялей рабiлася на зямлi. Снегавыя вяршынi гор адбiвалi гэтае ззянне i самi запальвалiся ружовым або залатым бляскам. I тады шырэй рассоўвалi свае гранiцы прасторы зямлi, лагадней пазiрала поле, а вада ў рэчках, азёрах i ў марах калыхалася ружовымi хвалямi, як распушчанае ў агнi золата. Гэтая радасць снавалася i ў танкарунных хмарках, бо адно толькi адбiццё залатога праменя ператварала iх валокны ў ружовыя шаўкi. Весялела паветра, станавiлася лёгкiм i празрыстым, спавiваючы зямлю цеплынёю i радаснымi летуценнямi аб чымся бясконца светлым i добрым. I гэтае няяснае прадчуванне новага жыцця калыхалася тады ўсюды. А сам залаты прамень нi на момант не спыняўся ў сваiх шуканнях дарогi на зямлю i нiколi не трацiў надзеi знайсцi яе, каб выпаўнiць сваё прызначэнне, хоць i многа было яму перашкод у гэтым блуканнi. Яму засланялi дарогу праменнi iншых планет. Варожа сустракалi яго маўклiвыя пустэлi. Змрокам, туманам i хмарамi закрывалася зямля.

Ноч, цёмная ноч ляжала над лесам. Месяц зрушыў з сярэдзiны неба, i зноў правiў лясун сваё лiтанне i казаў свае прамовы. Як звон, звiнелi яго словы па лесе, i чуўся ў iх надзвычайны пафас. I здзiвiўся раптам лясун, прыпынiў сваю прамову на самым цiкавым месцы, абвёў лес зялёнымi вачыма. Нiчога падобнага не бачыў ён раней: на тонкiх iголачках хвой i на лiсцi iншых дрэў пагас пусты, халодны зялёны бляск, а замест яго iскрылiся жывыя, рухлiвыя ружовыя агеньчыкi, а лес i ўсё, што было ў лесе, высока паднялi голавы i весела пасмейвалiся.

Задрыжэла рука ў лесуна, блiскучая палка, зробленая з гнiлушак, выпала з яго рук i разбурылася. Шугнулi совы ў дуплястыя асiны, i кiнулiся хавацца па цёмных кутках павукi.

Тут i канчаецца адно звяно казкi. А калi б хто запытаўся, што ж тут здарылася, то гэтым ён паказаў бы, што няўважна слухаў байку, чым моцна пакрыўдзiў бы баечнiка.