Тройка спускалася ў невялічкі яр.

— Унь там, злева, за заставай яна ляжыць. Новая Вёска, а па-культурнаму Новая Андронаўка. Дарожка тут — у-у. Народ смелы, ні д'ябла не баіцца.

Даволі далёка бачныя былі саламяныя стрэхі. За імі — будынкі манастыра, запушчаныя, з абдзёртымі дрэвамі.

— Усясвяцкі, жаночы, — сказаў Чыўін. — Новаблаславёнага сагласія. Прыемле свяшчэнства ад ніканіянскай царквы.

— Можа, «дзявочы»? — спытаў Алесь.

— Жаночы, — націснуў на слове Чыўін. — Самае б… месца.

Адразу за манастыром свежай плямай хвоі зелянеў на шэрым аненгофскі гай.

— Мужыкі яго ў адну ноч дарослымі дрэвамі пасадзілі, — сказаў Чыўін. — Для імператрыцы Анны. А цяпер там між дрэў сцерво валяецца ды рознае смецце. А унь там — палявы двор, рэчка Сінічка, а за ёю поле, а за ім Ізмайлаўскі звярынец, аж да самага Ласінага завода.

Алесь і сам бачыў дзівосны лес. Прыкінуў — да Ласінага завода сама меней вёрст трыццаць. І тут жа шаша. І надзвычай зручнае месца для засады і ўцёкаў…

«Тут і зробім», — падумаў ён, а ўголас спытаў:

— Жылыя дамы ля звярынца ёсць?

— Толькі лабараторыя, палявы гэты двор, ды дача графа Шантрана*, ды цераз шашу ад двара, багатыроўскае паселішча.

* Графа дэ Шамбаран.

«Тут», — канчаткова вырашыў Загорскі.

Багатыроўская «траўля» ўжо ўстала на даляглядзе (шэрыя хаты, двары, высокія платы, коміны салатопняў), калі адбылося нешта нечаканае.

Брычка якраз мінала альховы зараснічак на дне яра, калі страшны свіст разануў вушы. Ломячы галлё, з хмызоў, напярэймы коням, беглі чалавечыя постаці. Пяцёра здаравенных ці то мужыкоў, ці то мяшчан у паддзёўках.

У двух у руках шкворні, адзін з нажом, яшчэ два — з кісцянямі. Морды нічым не закручаныя: значыцца, жывых не выпусцяць.

Адзін, чалавек сажнёвага росту, павіснуў на аброці карэнніка.

— Пане, прапалі, — нема закрычаў Чыўін. — Новавяскоўцы.

Утрапенне было такое, што ўсе апамяталіся толькі тады, калі разбойнікі ўжо караскаліся на брычку. Густа лунала над галовамі ўпамінавенне агульнай матары.

Алеся схапілі за рукі, і проста над сваёю галавою ён убачыў у неймаверна сінім небе зіхоткі, шыпасты шар кісцяня.

Адчуваючы, што гэта апошняе яго імгненне, бачачы, што на Макара населі астатнія два, разумеючы, што гэта — усё, што не будзе ні справы, ні радзімы, ні жонкі, ён закалаціўся ў смяротнай тузе і тут толькі інстынктыўна зразумеў, што ўдарыць дакладна забойца не здолее: перашкодзяць тыя, што вісяць на Алесевых руках.

І тады ён выпнуўся як мог і нагою ўдарыў таго, што трымаў кісцень. Ударыў у прычыннае месца. Той, нібы пераламаўшыся, усім целам гэхнуўся з брычкі на зямлю, закруціўся на ёй. Кісцень выпаў з ягонай рукі, але застаўся вісець на краёчку брычкі, пагойдваўся. Маленькі зіхоткі шар.

— Хапай яго! — крыкнуў Алесь Чыўіну. — Лупі па галовах! Не шкадуй.

Стараабрадзец пацягнуўся, каб схапіць. І тады адзін з тых, што трымалі Алеся, кінуў яго, таксама пацягнуўся за зброяй.

Ведаючы, што зараз усё вырашаюць секунды, Алесь свабоднай рукою ўдарыў другога пад зубы, заламаў назад, перакуліў з брычкі, кінуўся да першага, што цягнуўся за кісцянём, схапіў за ногі, таргануў. Той ляснуўся тварам аб пярэдняе сядзенне… Алесь успоўз на яго, перахапіў цёплую рукаяць кісцяня і з сілай апусціў шар на таго, што асядлаў Макара. Трапіў па хрыбеціне. Удараны заверашчаў, як заяц, адарваўся, скочыў з брычкі.

У гэты час першы са скінутых — рот ягоны быў у крыві — насеў на Алеся ззаду, а той, што ляжаў пад ім, абхапіў нагу Загорскага, перашкаджаючы яму рухацца.

І, аднак, гэта было ўжо не тое. Бо ўстаў Макар. Ударам нагі ён прыпячатаў да ніза брычкі галаву таго, што ляжаў пад Алесем. І тады яны ўдвух населі на таго, што трымаў Загорскага ззаду. Выкінулі.

Чыўін змагаўся з сажнёвым (той, між коней, прасунуўся да пераду брычкі), трымаў яго за руку з заціснутым нажом.

Налітае крывёй аблічча рослага, сіла, з якой ён скручваў руку старога, гаварылі аб тым, што змаганне доўгае не будзе.

І тады Макар крыкнуў. Крыкнуў так, як крычаць, можа, раз у жыцці:

— Р-родныя, не выдавай!

Коні «прыйнялі» з месца імгненна. Апракінуты перадам брычкі боўдзіла адпусціў Чыўіна, закінуўся, упаў на зямлю, пад колы.

Запрэжка несла шалёна. Алесь азірнуўся і ўбачыў: той, што з нажом, упаў аж неверагодна ўдачна — акурат між правай і левай парай колаў, і цяпер уставаў, трымаючыся за выцятае месца. Другі, якому Алесь даў у пах, усё яшчэ курчыўся. Яшчэ два непаразумела стаялі, відаць, ніяк не могучы ўцяміць, як гэта вырвалася здабыча.

І, урэшце, яшчэ адзін апошні, ляжаў пад Алесем, паступова прыходзячы да прытомнасці. А коні ляцелі, ірвучы паветра.

Макар павярнуўся. Чырвоны твар фурмана быў гнеўны:

— Кісцянём яго па галаве! Хай ведае!

— Стану я аб падлу рукі пэцкаць, — адрэзаў Алесь.

Ён прыўзняў пятага — брычка якраз выбіралася з яра — і з сілай шпурнуў яго ўсім целам аб дарогу. Бачыў яшчэ, як той стаў каціцца па схіле. А потым «поле пабоішча» знікла з вачэй.

Ніхто, здаецца, асабліва не пацярпеў. Толькі Макару трохі расквасілі твар ды ў Алеся кроватачылі пальцы левай рукі: разбіў аб твар першага, якога скінуў.

Некаторы час усе прыгаломшана маўчалі. Потым Чыўін (адзін рукаў у яго быў аддзёрты, а твар усё яшчэ бледны) сказаў чужым голасам:

— Ну, думаў, прапалі. Вось табе і Новая Вёска. І раптам зарагатаў:

— Ну, князь, ты, я гляджу, зу-ух. Прапалі б, каб не ты. Ведаеш, хто гэта? Той, сажнёвы, што пад колы ўпаў, гэта сам Аляксашка Шчалканаў, першы на Маскву бандзюга і разбойнік. Той, якога ты першы скінуў, — Міхайла Сямёнаўскі. Мянушка гэта ў яго такая. Той, каго ты па гарбе кісцянём лізнуў, — новавясковец Васька Сноп.

Астатніх не ведаю. А Сноп ды Міхайла, здаецца, цяпер у работнікі да Багатырова пайшлі.

— Чаго ж яны цябе не пазналі?

— Здалёк, відаць, не пазналі, а потым позна было перадумваць. Ах, навалач! Вось ужо я Івану скажу. Па Шчалканаву Сашку — брат ягоны Сенька, таксама ў Багатырова ў работніках — Сібір плача*. Дый гэтыя, Васька з Міхайлам, іншага не вартыя. Ведаеш, што яны аднойчы зрабілі! Па шашы ідзе на сяло Іванаўскае, што за звярынцам, на фабрыку, абоз з пражай. Мужыкі ідуць ля першага каня. То гэтыя чэрці прыстроіліся непрыкметна ды два вазы зварацілі і павялі. Мужыкі не заўважылі, а потым спахапіліся ды, з дручкамі, на Багатыроў двор. Міхайла стаіць ля варот. Тыя дзяруцца ў двор, а ён вароты на сабачы двор адчыніў, а там каля сотні псоў, ды работнікі падышлі з нажамі і па хвартухах кроў цячэ. Мужыкі, ясна, пайшлі. Дый то, нават калі б пусцілі іх абшукаць двары — нічога б не атрымалася. Там, у Івана, на «скверным» двары, ямы. Падлу абдзёртую туды скідаюць і засыпаюць, а потым, як мяса згніе, выбіраюць косткі. І кожная яма на тысячу конскіх тулаў. То яны коней «схавалі», завялі, разам з вазамі, у яму ды засыпалі зямлёй.

* Аляксандар Шчалканаў пазней быў высланы ў Петрапаўлаўск-Камчацкі.

Алесь здрыгануўся:

— У добрае ж месца ты мяне вязеш.

— І гэта трэба бачыць, — сумна сказаў Чыўін. — Ф-фу-у, адбіліся ўсё ж. Сам сабе не веру.

— Ты барыну падзякуй, — сказаў Макар. — Каб не ён — паляцеў бы ты да свайго, даніканаўскага, бога.

Пад'ехалі да багатыроўскага паселішча. Будынкі, як крэпасць, былі абгароджаны высокім заплотам, вароты — магутныя.

Ад вешалак з быдлячымі шкурамі нясцерпна смярдзела. Ля варот сядзелі два вартаўнікі і спрачаліся наконт пеўневых баёў:

— Не, ты мне не кажы. Птушку трэба гадаваць сухім аўсом і галачкамі з чорнага хлеба.

— І нічога з яго не атрымаецца. Трэба яму, маладому, абрэзаць грэбень ды сярожкі і тут жа самому даць дзяўбці. О, тады гэта будзе Птушка! А потым ужо даводзіць да Палажэння.

— Дзе гаспадар? — спытаў Чыўін.

Выгляд у яго быў пашматаны.

— Што гэта ты, бацюхна, як з бутэлькі вылез?

— Не твая справа, морда. Дзе гаспадар?

— Бык выдраўся з-пад сцягаўца. Цкуюць яго зараз на крузе.

Накіраваліся на круг. Яшчэ здалёк убачылі вялікае кола народу, пачулі гоман, убачылі ў коле чорнага вялізнага быка, што капаў капытамі зямлю.