— Тэорыя, малады чалавек, тэорыя!
IV
Калі мы выйшлі на двор, было зусім цёмна. Крывіцкага развезла — не так, мабыць, ад выпітага, колькі ад свежага восеньскага паветра пасля смуроднай кухні. Да таго ж ён курыў, не перастаючы. Мы прыселі на лавачку каля пад'езда.
— Чаму ты ўвесь час пра нейкае золата, пра нейкія грошы нёс? — спытаў я.
— Што значыць "нёс"? — пакрыўджаны маім недаверам, Крывіцкі нават працверазеў. — Паслухай, хлопец, — ты ведаеш, што такое зубны тэхнік? Ды яшчэ прыватны? Ты ведаеш, што такое паставіць зубы без чаргі? Ведаеш, якія колісь грошы за гэта выкладвалі?
— Ну, здагадваюся.
— Нават і не здагадваешся! А ці ведаеш ты, колькі золата ідзе на каронку ці на зуб, дапусцім, з залатога персценя? Думаеш, усё да грама? Памыляешся! На кожным зубе, на кожнай каронцы абавязкова штосьці эканоміцца. А ўжо выплавіць гэтыя лішкі ў злітак і дзіця малое зможа.
А сапраўды, падумаў я. Мне прыгадалася раптам гісторыя, даўным-даўно вычытаная ў нейкай кніжцы. Справа ў тым, што золата вельмі мяккі метал — вага, напрыклад, манеты змяншаецца нават пасля таго, як яе патрымаеш у пальцах. Гэтым і карыстаўся адзін кемлівы банкаўскі служачы. Кожную суботу, калі ў банку пералічвалі залатыя манеты, ён прыносіў з дому новенькі дыванок, якім засцілаў стол, у канцы работы акуратна яго скручваў у трубачку, дома спальваў на спецыяльнай патэльні і кожны раз атрымліваў злітачак чыстага золата.
— І дзе ён можа хаваць тыя зліткі? — ляпнуў раптам я нечакана для сябе самога.
Крывіцкі паблажліва засмяяўся:
— Ты, я гляджу, як той Адамавіч — многа хочаш! Дзе хавае… Спытай што-небудзь лягчэйшае.
— Ды ці ёсць яны ўвогуле?
Крывіцкі прамоўчаў, нібы набіваючы сабе цану. Падняўся з лаўкі:
— Пайшлі памалу, мне дабірацца далёка, у Курасоўшчыну…
— Я вазьму табе таксоўку, — прапанаваў я, зразумеўшы, да чаго ён хіліць.
— Праўда? Ты — сапраўдны сябар! А піва яшчэ купіш?
— Куплю.
Мы пайшлі да Маскоўскай, Крывіцкі хістаўся, і я вёў яго пад руку.
Кіёск з разліўным півам быў даўно зачынены. Я купіў бутэлечнага, здаецца, нават імпартовага.
— Ты ж ведаеш, я сядзеў, — глынуўшы піва, гучна адрыгваючы, расказваў Крывіцкі, — за аліменты. Амаль паўгода. Выйшаў адтуль — ну, думаю, гады, я вам устрою! Пра жонку з цесцем. Жонкі, праўда, дома не аказалася, яе шчасце, а цесця змалаціў на горкі яблык. Адвёў душу. Добра, што ён паддаты быў тады, адразу пабоі не здагадаўся зняць. Але ўсё адно — праз дзень піша на мяне заяву, я, вядома, ні сном ні духам, мала ты дзе, цесць, валэндаешся, ды і паддавала ты добры, можа, упаў дзе-небудзь п'яны і ўсе праблемы… Словам, выкручваюся, як магу. Аднак выклікаюць да следчага, той спачатку для прафілактыкі ўрэзаў па нырках пару разоў… Я адпіраюся. Тады ён моўчкі штосьці піша на аркушыку і падсоўвае мне пад нос. Уверсе стаіць лічба тры, а ўнізе — сума, якую я і ў руках не трымаў![5] Значыць, выбірай: ці тры гады «страгача», ці "на лапу". Аркушык забраў і пры мне спаліў у попелцы. Паказвае на дзверы — свабодны!
— Ну і?
— Ну я ногі ў рукі — і да Адамавіча свайго… Так і так, кажу, ратуй, дзед, другі раз я адтуль жывым не выйду, ведаю гэта. Памажы, адкупі, свая ж кроў, не чужая! Дзед які ні чокнуты, а паверыў, адно сказаў: "Грошай у мяне няма, у далярах вашых я не разбіраюся. (Тады толькі пачыналася гэтая карусель з перабудоваю.) Але ў мяне, кажа, ёсць штосьці лепшае за грошы і за даляры. Схавана яно ў надзейным месцы, мне трэба час, каб дастаць. Паедзеш заўтра на вакзал, у камеры захоўвання знойдзеш такую й такую ячэйку, а вось табе лічбы, якія набярэш, — і з хітрым выглядам піша штосьці на шматку паперы — акурат як той следчы! — і падае мне. — Калі ў цябе, кажа, хапіла розуму за паўгода двойчы дапасці да турмы, дык павінна хапіць і на тое, каб адчыніць дзверцы ячэйкі". Я зірнуў і ледзь не абамлеў. Ды ён проста здзекуецца з мяне!
— А што там было?
— Ахінея нейкая, як спачатку здалося, старэчы маразм! Я ўжо не помню даслоўна — нешта, "ад майго адымі сваё, дадай палавіну матчынага, падзялі на бацькавае… " А ён радуецца як дзіця: "Цяпер, кажа, я, ведаючы цябе і твой язык, калі што, заўсёды адкручуся!"
— Ты сур'ёзна?
— Кажу ж, здзяцінеў чалавек пад старасць, ты ж сам бачыў! А па-другое, падумаўшы, і сапраўды — успомні, як раней строга з золатам было, гэта цяпер поўна скупак, любую рэкламную газету разгарні — паўсюль аб'явы; а тады, напрыклад, тармазнулі б мяне каля камеры, застукалі б з золатам, хто б усур'ёз успрыняў тую запісачку і на Адамавіча падумаў? Дарэчы, і «шыфр» яго аказаўся наіўным, як і сам Адамавіч: трэба было ўзяць гады нараджэння, ад Адамавічавага адняць мой і таму падобнае. Выходзіла акурат чатыры лічбы, а літару я проста падабраў механічна. Адкрыў дзверцы і знайшоў там пакуначак, у якім ляжаў вось такі…
Крывіцкі правёў пальцам па рыльцы бутэлькі:
— Вось такі злітак. Я бягом на Батанічную, ад радасці і здуру цыганам амаль за паўцаны аддаў. Але следчаму акурат хапіла, адкупіўся, справу закрылі. Затое Адамавіч, як пачуў, колькі я за яго метал узяў, — мо з паўгода на мяне нават пазіраць не хацеў, такі злы быў. І цяпер я добра ведаю — хоць разапнуся перад ім, хоць на каленях буду поўзаць і ногі цалаваць — не дасць ні капейкі! Крывіцкі ўздыхнуў. — Адна надзея — хату адпіша…
V
Раптам я заўважыў, што акрамя недапітай бутэлькі з півам пры мне больш нічога няма. А парасон дзе? (Памятаеце, грамадзянін следчы, я забіраў парасон з рамонту?) Застаўся ў Адамавіча. Было яшчэ не так і позна, можна было спакойна вярнуцца і забраць. Але я нічога не сказаў Крывіцкаму. Пасадзіў яго ў машыну, напярод расплаціўся з таксістам, а сам на метро паехаў у сваё Уручча, дзе здымаў пакой.
Працверазеў і абдумаўся я яшчэ па дарозе. Дурань, каго я слухаю, каму веру! Мне трыццаць гадоў, а я слухаю нейкую ахінею пра нейкія "зліткі золата", "шыфроўкі", "камеры захоўвання"!.. Як не сорамна?!
Гаспадыня яшчэ не спала, піла гарбату на кухні. Я ціхенька праслізнуў у свой пакой, не стаў ні есці, ні піць. Лёг спаць, а сон не йшоў. Перад вачыма стаялі то шахматныя фігуры, то зубны тэхнік Адамавіч, у якога ў самога кепскія зубы, то пастарэлы твар Крывіцкага, то парасон, які вісіць зараз недзе там, у пярэдняй, на вешалцы…
Потым я задрамаў, але сярэдначы прачнуўся, бы ад штуршка, ужо зусім цвярозы, і раптам іншыя думкі заснавалі ў галаве. Я зразумеў, што гісторыя гэтая не скора забудзецца, бо наколькі яна здаецца на першы погляд неверагоднаю, настолькі ж яна і заманлівая. Адзінокі, хворы, стары чалавек, які ў любы час можа, як выказаўся Крывіцкі, "дуба ўрэзаць"… Няўжо, калі ў яго сапраўды ёсць багацце, ён не зразумее, што ўсяго ў магілу не забярэш?.. Няўжо ён не разумее, што яго Крывіцкі — не той чалавек, каму можна даверыць нават маленькую суму?..
Хто з нас, грамадзянін следчы, хоць раз у жыцці не любіў марыць? У кім з нас яшчэ з дзяцінства не жыве вера ў цуд? Выйсці, скажам, на вуліцу і раптам знайсці кашалёк, набіты грашыма… Або цэлы чамадан… А зрэшты, які ў гэтым цуд? Хіба не бывае такога? Вунь сусед нядаўна расказваў: выходзіць ён рана-раненька, гадзін у пяць, на вуліцу — у яго праца такая, што трэба рана выходзіць, — і бачыць на прыпынку, пад ліхтаром, ляжачага чалавека з раскінутымі рукамі, побач — шапка і «дыпламат». І вакол ні душы. "Мне б, дурню цара нябеснага, — расказваў сусед, — схапіць «дыпламат» ды ногі хутчэй адтуль! Але хто мог ведаць, што там?! Ды і боязна. Вярнуўся дамоў, патэлефанаваў у міліцыю, у «хуткую», пакуль выйшаў зноў да прыпынку, яны ўжо там. Мужчына жывы, толькі п'яны і пабіты моцна. Занеслі яго ў «хуткую», а мне міліцыянеры выпісваюць даведку, каб на рабоце апраўдацца, і просяць быць панятым. Залазім у машыну, адчыняюць яны «дыпламат», і ў мяне, — расказвае сусед, — ды, думаю, і ва ўсіх, хто там быў, літаральна сінее ў вачах: «дыпламат» увесь, з верхам набіты пачкамі новенькіх фунтаў стэрлінгаў!"
5
Не ў крыўду Вам сказана, грамадзянін следчы.