Гномы паздымалі са сценаў латы ды ўзброіліся. Зараз Торын выглядаў сапраўды па-каралеўску: у брані з пазалочаных сталь-ных кольцаў, з сякераю на срэбным цаўі, у папрузе, аздобленай чырвонымі камянямі.

— Спадар Торбінс! — закрычаў ён. — Вось першая частка тваёй узнагароды! Скідай старыя лахманы, апранай гэтае!

3 такімі словамі ён апрануў Більба ў маленькую кальчужную кашулю, якую зрабілі для нейкага маладога эльфійскага прынца шмат часоў таму. Вырабілі яе са срэбнай сталі, якую эльфы завуць «міфрыл», а да кашулі яшчэ дадавалася папруга, упрыгожаныя перлінамі і крышталем. Лёгкі шалом са скуры, якую ўзмацнялі стальныя кольцы і ўпрыгожвалі па краі белыя каменні, быў насунуты на хобітаву галаву.

«Цудоўна, — падумаў хобіт, — але ж, здаецца мне, выглядаю я проста блазанам. Як бы з мяне смяяліся дома, каля Торбы! А ўсё роўна хочацца зірнуць у люстэрка!»

Усё ж спадар Торбінс не так страціў розуму з-за скарбавых чараў, як гномы. Задоўга да таго, як гномы стаміліся даследаваць скарбы, натомлены хобіт сеў на падлогу ды пачаў крыху нервова разважаць, чым жа справа скончыцца. «Добрую частку тутэйшых каштоўных куфляў, — думаў ён, — я б адцаў за глыток чаго-небудзь узбуджальнага з Беарнавай драўлянай місы».

— Торын! — крыкнуў ён уголас. — Што далей? Мы ўзбро-іліся, але ж калі зброя ды латы дапамагалі супраць Драка Найжудаснейшага? Скарбы яшчэ не нашыя. Мы не золата шукаем цяпер, а выйсце, і надта ўжо доўгі час мы спакушалі ўдачу!

— Праўду кажаш! — адказаў Торын, вярнуўшыся да розуму. — Хадзем! Я правяду вас. I за тысячу гад оў я не забыўся б шляхоў свайго палацу.

Потым ён склікаў астатніх, усе сабраліся і, трымаючы паходні над галовамі, пайшлі да дзвярэй — не без уздыхаў ды позіркаў назад.

Бліскучыя латы схавалі пад старой вопраткай, на яркія шаломы насунулі падраныя капелюшы, і пакрочылі адзін за адным за Торынам шэрагам дрыготкіх агеньчыкаў. Шэраг той часта спыняўся, прыпыніўшыся ж, усе з жахам прыслухоўваліся, ці не вяртаецца цмок дахаты.

Хоць усё навокал папсаваў, забрудзіў і спаганіў цмок, бадзяю-

чыся з логава ў логава (знішчыў і мэблю, і фарбы, і ўпрыгожан-ні), Торын пазнаваў кожны калідор і паварот. Кампанія караскалася па доўгіх лесвіцах, збочвала, спускалася па шырокіх, з гучным рэхам тунелях, паварочвала зноў ды караскалася па лесвіцах, і зноў караскалася па лесвіцах. Тыя былі гладкія, шырокія, дабротныя, вычасаныя проста з горнага цела, і па іх гномы з хобітам ішлі ды ішлі ўгару. Ніводнай жывой істоты не заўважылі, толькі дрыготкія цені ўцякалі ад святла паходняў і трапяталі на скразняках.

Для хобітавых ног тыя бясконцыя прыступкі не надта пады-ходзілі, і Більба неўзабаве адчуў, што далей ісці не можа — аднак раптам столь ускінулася ўвышыню, далёка за полымя паходняў. Бялюткія пробліскі зыходзілі аднекуль зверху, і паветра набыло саладзейшы смак. А наперадзе святло прабівалася з-за вялікіх дзвярэй, напалову спаленых, скасабочаных, што віселі на паламаных завесах.

— Гэта — вялікая заля Трора, — сказаў Торын. — Заля ўлады і святаў. Непадалёк адсюль і Пярэдняя Брама.

Яны прайшлі праз зруйнаваную залю. Тут гнілі велізарныя сталы, крэслы ды лавы ляжалі перакуленыя, паўспаленыя, цвілыя. Сярод талерак і куфляў, пылу, раструшчаных рагоў для пітва на падлозе валяліся косткі і чэрапы. Калі прайшлі праз яшчэ адны дзверы ў дальнім краі залі, нечаканы гук (цурчала вада) запоўніў вушы, і шэрае святло зрабілася бялейшым.

— Тут нараджаецца Струмяніца, — сказаў Торын. — Адсюль спяшаецца яна да Брамы. Пойдзем уздоўж яе!

3 цёмнай дзіркі ў скальнай сцяне рушыла пенная вада, бурліла, віхрылася па вузкім канале, які роўна вычасалі рукі старажытных майстроў. Побач ішла каменная дарога, досыць шырокая для тузіна гасцей і ўсё яшчэ раўнюткая. Кампанія спрытна рушыла па ёй, збочыла за рог, і — зірніце! Яркае святло хлынула ім у вочы. Перад імі вырасла высокая арка. Яшчэ бачылі-ся на ёй рэшткі цудоўнай разьбы, хоць і падрапаныя, счарнелыя, патрушчаныя. Праз туман цьмяныя сонечныя промні падалі па-між адгор'ямі Гары і золатам адсвечвалі на камянях каля ганку.

Чародка кажаноў, якія прачнуліся ды перапалохаліся ад святла паходняў, пранеслася над галовамі гномаў, тыя кінуліся вонкі, і заслізгалі, закоўзаліся на камянях, адпаліраваных ды запэцканых сліззю цмокава пуза. Цяпер перад кампаніяй шумна вырывалася на волю вада і пенілася, падскоквала на камянях, імкнучыся ў даліну. Усе пакідалі паходні на зямлю. Нібы аслупянелыя стаялі яны ў зачараваным сузіранні. Нарэшце яны выйшлі да Пярэдняй Брамы, перад імі ляжалі руіны Дэйла.

— Добра! — сказаў Більба. — Вось не чакаў ужо, што вызірну з гэтай брамы вонкі\ I што так буду задаволены зноў убачыць сонейка ці адчуць на твары ветрык. Але ж — вох! — вецер проста ільдзяны!

I сапраўды. Пранізлівы ўсходні вецер нёс пагрозу блізкай зімы. Ён круціўся паміж скалаў, залятаў па схілах у даліну і цяжка ўздыхаў у камянях. Пасля доўгага палону ў парнай глыбіні цмокавага логава ўсе пачалі дрыжэць і калаціцца.

Знянацку Більба зразумеў, што ён не толькі стомлены, але ж і вельмі галодны.

— Здаецца мне, раніца ўжо праходзіць, — сказаў ён, — таму, я мяркую, зараз час паснедаць. Вядома, калі ёсць чым. Але ж ганак Дракавага бярлогу — не самае лепшае месца для сняданку. Пойдзем куды-небудзь, дзе можна спакойна сесці ды падсіл-кавацца!

— I тое праўда! — згадзіўся Балін. — А мне здаецца, я ведаю шлях. Нам трэба ісці да старога вартавога паста ў паўночна-ўсходняй частцы Гары.

— Ці далёка да яго? — спытаў хобіт.

— Шць гадзін, я лічу. Аднак шлях можа быць цяжкім. Дарога ад Брамы ўздоўж левага боку ракі, здаецца, зруйнаваная. Але ж зірніце сюды! Бачыце — рака перад разбураным горадам робіць пятлю на ўсход. Там праз раку некалі быў мост, які вёў да крутой лесвіцы на правы бераг і на дарогу да Крумкачовай Стромы. 3 дарогі ідзе да Стромы сцежка. Праўда, пад'ём там круты, нават калі старыя прыступкі ацалелі.

— Ратуйце! — прастагнаў хобіт. — Зноў ісці і зноў караскацца з пустым страўнікам! Цікава, колькі ж сняданкаў мы ўжо прапусцілі, седзячы без гадзінніка ў той чорнай дзірцы?

А праседзелі яны дзве ночы і дзень з таго часу, як цмок разнёс чароўныя дзверы, і не без ежы, але Більба зусім страціў адчуванне часу і не сказаў бы, ці адна ноч прайшла, ці цэлы тыдзень.

— Ну, ну, яшчэ чаго! — зарагатаў Торын (яго настрой зноўку ўзняўся, і каштоўныя камяні бразгаталі ў кішэнях). — Ты мой палац дзіркай не называй! Пачакай, няхай яго прыбяруць ды адрамантуюць!

— Наўрад ці тое магчыма, пакуль Драк жывы, — сказаў Більба змрочна. — Дарэчы, дзе ж ён? Я б адцаў добры сняданак, каб даведацца. Спадзяюся, што ён не сядзіць на вяршыні гары і не пазірае на нас з задавальненнем.

Гэтая думка падзейнічала на гномаў надта моцна, і яны хутка вырашылі, што Більба з Балінам маюць рацыю.

— Неабходна рушыць адсюль, — сказаў Доры. — Мне здаецца, быццам цмокавы вочы пяляцца мне акурат у патыліцу.

— Як сцюдзёна тут і самотна, — сказаў Бамбур. — Вады досыць, а ежы аніякай не бачу. Мабыць, цмок тут заўсёды галодны.

— Хутчэй, хутчэй! — закрычалі астатнія. — Пойдзем па Балінавай сцежцы!

Пад скальнай сцяной з правага боку прайсці было нельга, таму давялося кульгаць па камянях на другім беразе ракі, а навакольная спустошанасць ды безжыццёвасць спрытна пра-цверазілі нават Торына. Мост, пра які распавядаў Балін, даўным-даўно абрынуўся, і большасць ягоных камянёў тырчэла валунамі з вады. Але па іх гномы даволі лёгка пераскочылі на другі бераг, і даўнія прыступкі знайшлі, і на адхон ускараскаліся. А хутка і на старую дарогу натрапілі, ды знайшлі глыбокую лагчыну, якую з усіх бакоў закрывалі скалы. Там адпачылі крыху і падсілкаваліся, большай часткшхрумам ды вадою. (Калі вы жадаеце ведаць пра хрум, я скажу толькі, што рэцэпту і сам не ведаю. Ён падобны да бісквіт, ніколі не псуецца. Кажуць, надта добра трымае на нагах, але ж, відавочна, мае пэўныя праблемы са смакам, якім лепш увогуле не цікавіцца, а добры той хрум толькі для ўзмацнення сківіцаў. Людзі з Доўгага Возера робяць яго для працяглых падарожжаў.)