Побач з гасцінцам знайшлі і схаванае гномамі золата троляў, нікш не кранутае.

— Ну, мне золата на мой век хопіць, — сказаў Більба, калі скарб адкапалі. — Лепей ты вазьмі яго, Гэндальф. Здаецца мне, знойдзеш, як яго выкарыстаць.

— Сапраўды, так! — сказаў чараўнік. — Аднак лепш падзелім, пароўну! Мне падаецца, што табе яно можа больш спатрэбіцца, чым ты сабе ўяўляеш.

Так што засыпалі золата ў мяхі ды нагрузілі на поні, якія з тае прычыны зусім не былі ўзрадаваныя. Падарожжа стала больш марудным: болыыую частку ішлі пехатою. Але мясцоваць навокал рабілася ўсё зелянейшая, травы было шмат, а па траве хобіт ішоў з вялікім задавальненнем. Ішоў сабе, выціраў пот з ілба шаўковаю насоўкай (не, зразумела, тых, што браў з сабою ў падарожжа, у яго не засталося, гэтую насоўку хобіт пазычыў у Элранда), бо цяпер разам з ліпенем падышло гарачае лета, і сонца ззяла ва ўсю моц.

Усё некалі заканчваецца, нават гэтая гісторыя, і вось нарэшце надышоў дзень, калі нашы падарожнікі дабраліся да межаў краіны, дзе Більба нарадзіўся й вырас, дзе кожны кавалак зямлі быў знаёмы і ягоным вачам, і нагам. Падняўшыся на пагорак, адкуль бачная была родная Строма, хобіт раптам спыніўся і сказаў:

Няма сканчэння для шляхоў,
Заўжды ідуць далей
Да земляў дальніх, гарадоў,
Да цудаў і людзей,
Праз зімні снег і чорны страх,
Праз рэкі і лясы,
Раскошу кветак на лугах
I птушак галасы.
Няма сканчэння для шляхоў,
Праз горы ды гады,
Але дамоў вярнуцца зноў
Нам суджана заўжды.
Прайду праз полымя і цень,
I смерць у імгле начной, —
А потым рушу ў ясны дзень,
I дом убачу свой.

Гэндальф зірнуў на яго.

— Даражэнькі мой Більба! — сказаў ён. — Ну і справы з табою! Ты зусім не такі хобіт, які быў!

Яны праехалі па мосце, мінулі млын над ракою ды сталі акурат перад ўласнымі Більбавымі дзвярыма.

— Бацюхны! — закрычаў хобіт. — Што ж тут робіцца!

А там сабраўся велізарны натоўп, і народ усялякага кшталту (паважаны і ўвогуле нікчэмны) снаваў туды-сюды вакол дзвярэй, а некаторыя дык і ў дзверы, і з іх — нават ног аб кілімок не выціраючы, як заўважыў Більба, раззлаваўшыся.

Калі ён здзівіўся, дык «госці» здзівіліся значна больш. Бо аб'явіўся ён якраз у разгар аўкцыёну! Велізарная чырвона-чорная аб'ява вісела на браме, паведамляючы, што дваццаць другога ліпеня спадарамі Хапунам, Хапунам ды Схавайсам будзе распра-давацца маёмасць нябожчыка спадара Більба Торбінса з Торбы-Пад-Стромай, Строма, Хобітан. Пачатакроўна а дзесятай гадзіне. А зараз амаль надышоў час абеду, большасць рэчаў ужо паспелі распрадаць амаль за ламаны грош (як часцяком робіцца на аўкцыёнах). Більбавы сваякі Кайстра-Торбінсы нават вымяралі пакоі (сапраўды!), вылічваючы, ці змесціццатуды іх мэбля! Кара-цей кажучы, Більба палічылі мёртвым, і далёка не кожны быў узрадаваны пабачыць, што памыліўся.

Вяртанне спадара Більба Торбінса нарабіла шуму ва ўсім наваколлі: і пад Стромай, і за Стромай, і за Вадой-ля-Стромы, на тое не забыліся ні праз тыдзень, ні праз месяц. А са спадарамі Хапунамі ды Схавайсам, а таксама з іншымі падобнымі да іх клопаты цягнуліся доўгія гады. Шмат часу мінула, пакуль спадара Торбінса афіцыйна згадзіліся лічыць жывым. Асабліва цяжка давялося пераконваць тых, хто добра прыкупіўся на аўкцыёне. У рэшце рэшт, каб пазбавіць сябе дарэмных клопатаў ды захаваць час, Більба выкупіў большую частку ўласнай мэблі. А вось мноства Більбавых срэбных лыжак нейкім таямнічым чынам знікла, і ніхто іх нават краем вока не бачыў ды нічога пра іх не чуў. Сам Більба моцна падазраваў Кайстра-Торбінсаў. Са свайго боку, яны так і не згадзіліся лічыць Більба сапраўдным, і ніколі потым з ім у добрых стасунках не былі. Яны так прагнуш жыць у Більбавай утульнай норцы!

А Більба наш страціў нешта значна большае за лыжкі — ён страціў сваю рэпутацыю. Праўда, ён назаўсёды застаўся сябрам эльфаў ды меў пашану ад гномаў, чараўнікоў і ўсялякага падобнага народу, які толькі трапляў у тутэйшыя мясціны, але ж у суседскіх вачах становішча ягонае моцна пахіснулася. Фактычна, усе навакольныя хобіты лічылі яго дзіваком ці ўвогуле «пашко-джаным галавою» — за выключэннем пляменнікаў ды плямен-ніц з Хватавага боку, але нават ім бацькі радзілі не надта знацца з Більба.

Прызнаюся вам, Більба гэта не вельмі кранала. Ён быў увогуле задаволены сваім жыццём, і спевы чайніка на пліце здаваліся яму нават больш музычнымі, чым у спакойныя часы яшчэ да знакамітай нечаканай вечарыны. Меч хобіт прыладзіў над агменем. Кальчуга (пакуль ён не аддаў яе ў музей). вісела на асобнай драўлянай раме ў залі. Золата ды срэбра разышліся на падарункі, карысныя ды экстравагантныя — што пэўным чынам тлумачыць добрыя стасункі з пляменнікамі ды пляменніцамі. А чароўны пярсцёнак хобіт трымаў у вялікай таямніцы, бо выкарыстоўваў, калі з'яўляліся непрыемныя госці.

Більба пачаў пісаць вершы ды наведваць эльфаў, і хоць шмат хто круціў пальцам каля скроні ды казаў з жалем «бедны стары Торбінс», хоць амаль ніхто не паверыў у ягоныя расповеды, наш хобіт жыў вельмі шчасліва да канца сваіх дзён, а дзён пабачыў ён надзвычай шмат на сваім вяку.

Аднойчы восеньскім вечарам праз колькі гадоў апасля, калі Більба сядзеў у кабінеце ды пісаў мемуары — ён меў намер назваць іх «Вандроўка туды ды назад, альбо Хобіцкая вакацыя» — пазванілі ў дзверы. Гэта з'явіліся Гэндальф з гномам, а гном быў ніхто іншы, як Балін.

— Заходзьце! Заходзьце! — сказаў Більба, і хутка ўсе паселі ў фатэлі перад агменем. Калі Балін заўважыў, што камізэлька спадара Торбінса трошачку больш каштоўная (трэба сказаць, яе гузікі былі з сапраўднага золата), то Більба, у сваю чаргу, адзначыў, што Балінава барада адметна падоўжылася, а папругу аздаблялі вельмі каштоўныя камяні.

Зразумела, гаворка пайшла пра рэчы былыя, пра супольныя прыгоды, і Більба запытаў, як ідуць справы ў землях вакол Гары. Здавалася, вельмі добра ідуць. Бард адбудаваў горад у даліне, да яго далучыліся людзі з Возера, з Поўдня і Захаду, даліну зноў абрабілі ды засеялі, і ранейшую пустэчу цяпер было не пазнаць. Увесну паўсюль спявалі птушкі, усё квітнела, а ўвосень збіралі багатыя ўраджаі ды святкавалі, ад душы весяліліся ды гулялі. Адбудавалі і Азёрны Горад, ён стаў багацейшым за ранейшы, заможнасць ягоная хутка расла, бо шмат тавараў везлі ўверх і ўніз па Струмяніцы. Добрае сяброўства паміж эльфамі, людзьмі ды гномамі ўсталявалася там.

А вось стары Бурмістр скончыў дрэнна. Бард даў яму шмат золата, каб той дапамог людзям з Возера, але ж Бурмістр быў таго чалавечага кшталту, што надзвычай лёгка чапляе цмокаву хваробу. Вось і захварэў на яе, ды збег у Пустэчу, прыхапіўшы большасць золата, а там памёр з голаду, пакінуты прыспешнікамі.

— Новы Бурмістр мудрэйшы, — сказаў Балін, — і вельмі папулярны, бо, зразумела, менавіта ён лічыцца галоўнай крыніцай гарадской заможнасці. Людзі там складаюць песні, у якіх гаво-рыцца, што ў ягоны час сапраўды рэкі пацяклі золатам.

— Так што прадказанні старых песень усё ж такі пэўным чынам спраўдзіліся!? — здзівіўся Більба.

— Вядома! — сказаў Гэндальф. — А чаму не? Ты ж не станеш сумнявацца ў старых прадказаннях ад таго, што сам дапамог ім стаць праўдай? Ты ж, спадзяюся, не лічыш, што ўсе твае прыгоды, хітрыкі ды ўцёкі адбыліся проста дзякуючы чыстаму шанцаванню дзеля твайго ўласнага шчасця? Добры ты спадар, Більба Торбінс, і надта мне падабаешся, але ж ты ўсяго толькі вельмі маленькая постаць у неабсяжным Сусвеце!

— Ну і ладачкі! — сказаў Більба, рассмяяўся ды працягнуў чараўніку скрынку з тытунём.