РАЗДЗЕЛ LVІІ «І ЎБАЧЫЎ Я НОВАЕ НЕБА І НОВУЮ ЗЯМЛЮ»

І ўбачыў я новае неба і новую зямлю; бо ранейшае неба і ранейшая зямля зніклі.

Апакаліпсіс, гл, 21, ст. 1

У цемры прабівалася праз краты дымнае святло месяца. І ён спаў, і клубіўся дым заўтрашняга — не, сённяшняга ўжо — вогнішча ў конусе святла. І за ім прыйшлі і адвялі яго на касцёр бярвенняў. Прывязалі шэсць разоў, як то належыць, перахапілі за шыю ланцугом, і шуганула ў неба чырвонае полымя. Да зоркі, што мігцела сямю колерамі, да груганоў, што крычалі над шпілямі.

Яно лізала ногі і дабіралася да шырокіх светлых вачэй.

І ён сканаў.

І вось у дыме ці то вогнішча, ці то месяца зляцелі ўніз, да яго, анёлкі з калчанамі. Падхапілі Хрыста пад рукі і ўзвіліся ўгору. Ён імчаў і здзіўляўся толькі, як гэткія дзіцячыя, тоўстыя, як ніткамі перацягнутыя, ручкі могуць несці і не выпусціць яго.

Аблокі, аблокі ляцелі насустрач ім, наўскос і ўніз. Анёлкі, бліскаючы голымі задкамі, неслі Братчыка пад рукі, і знікла далёка пад імі зямля.

І ўстала наперадзе трайная вясёлка, на якой зіхацелі літары:

«НЯБЕСНЫ ЕРУСАЛІМ»

Клубіліся белыя, як снегавыя горы, але цёплыя, валакністыя аблокі. За весніцамі Нябеснага Ерусаліма, на воблачным паплаўцы — праз аблокі прараслі кветачкі, рамонкі і васількі — весяліўся хор анёлаў. Вадзілі карагод і гралі на цымбалах і скрыпках. Усе анёлы былі з крыламі, у чапурных і шыкоўных чугах і світках, нагавіцах добрага шарачку, моцных поршнях. Паміж імі было шмат гожых жанчын у аксамітных і ядвабных кабатах, з караблікамі на галовах. Крылы іхнія былі багата вышываныя. Яны скакалі, памахваючы пальмавымі галінамі, як хустачкамі.

— Гэй, каго гэта вы валачэце? — меладычна крычалі яны.

— Хрыста.

— Памагай Бог!

— Казаў Бог, каб ты дапамог! — смяяліся тыя, што неслі.

Усё хутчэй і хутчэй узносіўся Хрыстос. І ўсё мацней гучаў насустрач яму ў лікаванні і ўрачыстасці харал. Чамусьці «Алілуя» Джонсана*.

* Урэшце, як гэта «чамусьці»? Вось я прапаную ў якасці цудоўнай новай тэмы для багасловаў сваю геніяльную здагадку: уся зямная музыка, нават канкрэтная, да свайго стварэння на зямлі існавала на нябёсах і, па выбару, укладалася ў чалавека, як праграма ў біялагічнага робата. Учора Бах, сёння Эльвін Прыслі.

Яны праляцелі праз вясёлку. Стаялі на аблоках чыстыя раскошныя хаты з буслянкамі на стрэхах. Буслы стаялі ў іх на адной назе і ляскалі дзюбамі ў такт харалу. Адрыны, хлявы, павеці і вазоўні — усё было ў парадку, усё дагледжанае і ладнае, на вякі.

На аблочных дварах, зарослых душыстымі рамонкамі, вясёлыя дзеці гулялі ў «піва». Каціліся па аблоках, як па ваце, з клуба на клуб. Басаногі пастушок гнаў па хмарах сытых кароў з прыўкраснымі вачыма.

На самай высокай, сляпуча белай хмары стаяла хата з дзвюх састаўленых пяцісценак. І пры ёй таксама было ўсё, чаму трэба быць пры гаспадарлівай беларускай хаце: і хлявы, і адрына, і лазня.

На парозе хаты, падклаўшы рукі пад азадак, сядзеў і адпачываў пасля працоўнага дня самавіты Бог Саваоф, трохі падобны да сівавусага. Анёлкі апусцілі Хрыста перад ім.

— Вось, бацька, прынеслі.

— Добра, хлопцы… Заўтра трохі раней пабуджу. У Заэдэм'і скарадзіць трэба, пырнік з аблокаў так і лезе. Скажы ты, халера, ладу з ім ніяк не давядзеш, як з зямлі завезлі з гноем. Скарадзіць, хлопцы! Зноў жа, нектар з амброзіяй несабраныя. Ну, ідзіце, пакуль тое, выпіце там.

— Дзень добры, — сказаў Хрыстос.

— Здароў, — сказаў Бог. — Заходзь у хату.

— А я ў цябе не верыў, ойча.

— І правільна рабіў. Гэта ж як сон. Сон тых, хто пакутуе. Хто гіне, як ты.

Зайшлі ў хату, выцершы ад аблок ногі на смугчастым хадніку. Памылі рукі пад гліняным рукамыйнікам. Марыя, вельмі падобная на Анею і Магдаліну, разам узятых, кланялася нізка:

— Заходзь, госцейка, заходзь, родненькі. А вось жа і думала, што добры чалавек зойдзе. Мыйся, частаваць зараз буду, хуценька. А што гэта за госцейка такі даражэнькі?

У хаце ўсё было багата. Вышываныя ручнікі, габляваная падлога. На паліцах — паліваныя місы, цэлых дваццаць штук. Белая печка з дзесяткамі выступаў і ніш, размаляваная кветкамі і грывастымі конямі. На дубовым стале, на суровым ільняным абрусе — «удовы» ў выглядзе абаранкаў з траўнічкамі, ягаднымі водамі і, мяркуючы па водары, з кмяноўкай, высыпаная вяленая рыба, вогнедышныя ракі, пасыпаныя зялёным кропам, чорны хлеб, печаны на кляновых лісцях, каўбаса, выкалупаная са збана, дзе ляжала яна і зберагалася ў топленым халодным сале. Тут жа гуркі салоныя і гуркі свежыя, а пры іх мёд, рэдзька ў смятане, белы сыр, клятчасты ад радзіны, у якую быў загорнуты, мочаныя яблыкі і шмат-шмат чаго яшчэ. Саваоф разбіраў нажом бліскуча-карычневую тушку вэнджанай гусі. Хрыстос сядзеў на покуці і глядзеў на ўсё гэтае багацце.

— Гэта вы ўсе так ясцё?

— Эге ж.

— Па святах?

— Чаму? Кожны дзень. Дый ты ж хацеў гэтага для людзей.

— Хацеў. Не верыў, што будзе скора.

— Бу-удзе.

Саваоф дастаў з-пад лавы «бусла». Усміхнуўся:

— Бач, зноў адліла трохі ў белае цеста. Гэта ж гэткі прадукт зглуміць!

— А хопіць вам заліць вочы, — удавана злуючыся, сказала Марыя. — Гэта ж, бач, хаваюцца за бутэлькай гэтай, як зайцы за пнём, дык яшчэ мала гэтага ім. До! Траўнічкам дап'яце. Частуйся, госцейка. Каб ужо і сыты і п'яны. Усяго хопіць. Усё ў нас ёсць. Унь як Мікола святы прыходзіць з жонкаю, дык жонка ідзе і саначкі за сабою ў госці цягне. Загадзя. Каб, значыцца, дадому пасля адвезці… А цябе і напоім, і пакладзём, і, як па звычаі беларускім належыць, у ложак яшчэ чарку табе прынясу.

— Во, забалаболіла, — з любоўю сказаў Саваоф. — Чуеш, кум? Ды ты не таранці, Марыля. Ты капусту падавай… Ну, з прыбыццём, сынок.

Выпілі. Перахапіла дых. Сталі закусваць. Марыля прынесла гарачы гаршчок.

— Пад'еш, бацюхна, удосталь.

— Ану, пад капусту.

Яны елі. Марыля падлівала, падкладвала, рассцілала на Юрасевых каленях ручнік, глядзела на яго гаротна, падшыбіўшыся рукою.

— Расказвай, — сказаў трохі пасля Саваоф. — Як там на маёй зямлі беларускай? Сам ведаю, паскудна так, што горай быць не можа, дзякуючы лютым пастырам гэтым, але ты расказвай, кажы.

І Хрыстос расказаў. Пра ўсё. Пра голад і круцельствы, пра ашуканства, прыгнёт, подласць, ханжаства і забойствы сумленных. Пра справу веры і святую службу, пра дзікае прыніжэнне годных і зацісканне рота, пра бессаромную ліслівасць і высокую мужнасць, пра ярасць і мяцеж, пра дзікі боль і высокую журбу, пра ўсё, аб чым мы ўжо ведаем.

…Плакала Марыля, калі ён скончыў, а сам ён сядзеў, закрыўшы далонямі твар.

Саваоф высмаркаўся ў белую анучку, паківаў галавою, наліў Хрысту гарэлку замест чаркі ў здаравенны кубак і сказаў глуха:

— Выпі. Табе цяпер во гэтак і трэба лупянуць. Зап'еш тут ад такога жыцця. Выпі. Плюнь, сынок. Ну, што ты з імі зробіш, калі яны там на зямлі дурні, чакушы ашалелыя. Маладыя яны яшчэ, людзі. Дурныя, пакуль тое.

— Дык што ж, і за такіх гінуць?

— Выпі… Выпіў?… І за такіх, сынок… І за такіх, якія яны будуць.

— Якія?

— Глядзі.

І Саваоф шырока расчыніў акно.

У разрывах аблокаў усё часцей і часцей відаць было зямлю. І вось уся яна адкрылася вачам. У аквамарыне акіянаў, дзе плавалі добрыя рыбы, у зелені пушч, дзе, нечапаныя, непалоханыя, хадзілі алені і мірныя зубры.

У золаце ніў і плаціне паўночных рэк, у срэбнай белі бясконцых садоў.

Буслы луналі над багатымі вёскамі, і кожная вёска была, як пахучы букет. Зямля, уся прыбраная, чыстая да таго, што на ёй немагчыма было знайсці аніводнай сувалакі пырніку, дагледжаная да таго, што яе можна было абысці босаму, нідзе не парэзаўшы ног, гэтая зямля дымела ад сытасці і задаволення, на вачах гонячы ўгору злакі і дрэвы. Залатыя пчолы жундзелі ў шатах ліп. Паўсюль былі дастатак і заможнасць, паўсюль — сляды бясконца прыкладзеных да справы чалавечых рук.

І вось з'явілася перад вачыма Братчыка тая зямля, па якой ён хадзіў і з якой прыйшоў. Ён пазнаў некаторыя старыя будынкі, старанна дагледжаныя, непарушна захаваныя людзьмі. І зямля гэтая была прыўкрасная, як і тады, але замест хат, падобных на хлявы, узніклі будыніны са смалістай сасны і каменя, і новае паўсюль віравала жыццё. Яна была прыгажэй за ўсё, што ён бачыў праз аблокі. Вялізныя каровы, якіх ніхто не забіваў, мірна жавалі жвачку і пахнулі малаком. Коні, якіх ніхто не біў, хадзілі па густа-зялёных паплавах і глядзелі на свет чалавечымі вачыма, людзі, якіх ніхто не падманваў, не рабаваў і не крыўдзіў, працавалі на палях і спявалі.