Гарады былі — дзіва дасканаласці, і нават сярод палёў сям-там стаялі блакітныя, дзіўнай прыгажосці палацы і вежы.
Абдзёртая і няшчасная пры ім, абрабаваная ваяводамі і войтамі і драпежнымі набегамі чужынцаў, яна зараз распасціралася перад ім у нятленным ззянні вечнай красы. Мудрая, працавітая, багатая, улюбёная. Радзіма!
І гучалі на ёй песні, і даляталі з яе галасы. Гучала, як музыка, пяшчотная і цвёрдая, прыўкрасная, вечная, неў-міручая беларуская мова.
І мужыцкі Хрыстос заплакаў. І слёзы пакаціліся па ягоных шчаках. А над ім легкаважна, з разлёту круцячыся цераз галаву, званілі, меладычна смяяліся, лікавалі званы.
Проста над галавою чалавека, які спаў і плакаў у сне, прагучаў дзікі ўдар у бок лянівага і непарушнага замкавага звона. Звярыны рык, роў дэмана, якога катуюць. Здрыганулася зямля.
Яшчэ ўдар… Яшчэ… Яшчэ…
РАЗДЗЕЛ LVІІІ «РАСПНІ ЯГО!»
Слухаючы гэта, яны рваліся сэрцамі сваімі і скрыгаталі на яго зубамі.
Дзеянні, гл. 7, ст. 54
Забіты ляжыць сярод поля
Правадыр гэтай раці — Хрыстос.
Генры Лангфэла
Раўлі званы. На вуліцах густа варушыўся народ. Неба было сіняе і надзвычай спякотнае для верасня, з навальнічнымі хмарамі на даляглядзе. Здавалася, што на кароткі час вярнуўся ліпень. Над Нёманам, над Замкавай гарой, над Зітхальным гарбом, над усёй Гародняй плылі і плылі срэбныя павуціны.
Камедыю добра арганізавалі і толькі што не адрэпеціравалі. Кашпар Бекеш, які толькі два дні як прыехаў з вёскі і не бачыў усяго, што адбывалася ў Гародні, распытаўшы аб падзеях і паназіраўшы за падрыхтоўкаю, толькі і сказаў:
— Стараюцца. Са скуры вон лезуць. Гэта ж ганьба, калі атрымаецца горш, чым у Ерусаліме калісьці. Дык там дзікуны былі, а тут… проста мярзотнікі.
Святая служба сапраўды лезла са скуры. Яшчэ раніцай Юрася прывезлі з радавай турмы на Падол, на бераг Нёмана. Менавіта адсюль ён павінен быў падымацца Ўзвозам да замка, на Ўздыхальню. Па ўсёй гэтай дарозе двума ланцугамі стаяла закутая ў сталь варта. Людзей у лахманах паўсюль адцяснілі далей, да сцен дамоў, у двары і нішы. За спінамі латнікаў стаялі людзі, апранутыя ў аксаміт і дарагі фалендыш, буркацель і парчу. Зіхацела багатая зброя, вясёлкавыя паясы, пальчаткі тонкай скуры, саф'ян абутку.
І гэта было добра. Трэба было паказаць усім такі выбух народнага гневу, каб зрабілася ясна: паўтарэння Хрыстовай гісторыі ў Гародні не будзе.
Дзеля Хрыста збілі вялізны сасновы крыж, які ён меўся зацягнуць на Зітхальню. Ён павінен быў ісці першым, і з ім толькі два вартаўнікі з кордамі пры боку, з бізунамі ў руках. Астатнія ўдзельнікі працэсіі павінны былі ісці сажнях у пяцідзесяці за імі, нібы даючы зразумець, што на больш блізкай адлегласці нават дыханне асуджанага можа апаганіць.
Першымі ў гэтай працэсіі ішлі дзеці нявіннага ўзросту, апранутыя анёламі; белыя, напаўпразрыстыя адзенні, наплоеныя валасы, крылы з вясёлкавай матэрыі і васковыя свечкі ў руках. За імі — пяцьдзесят дзяўчат з багатых сем'яў, таксама ў белым і таксама са свечкамі. Яны павінны былі ўсю дарогу спяваць адпраўныя малітвы. За дзяўчатамі ішлі манахі, апранутыя ў чорныя і белыя саваны з дзіркамі, прарэзанымі на месцы вачэй, а за імі крочылі латнікі.
Вышэйшае духавенства павінна было выйсці працэсіяй насустрач ужо каля самой Уздыхальні.
Крануліся з месца гадзін у дзевяць раніцы, але было ўжо нясцерпна горача. Увесь папярэдні дзень і ўсю ноч выспявала, відаць, ды так і не выспела навальніца. Пыл курэў пад нагамі, нябачныя былі ў святле сонца агеньчыкі над воскам свечак, блішчэла сталь і медзь, калыхаліся крыжы ў руках манахаў, анёльскімі галасамі спявалі адпраўныя малітвы цнатліўкі.
Прачыталі ад імя суда прысуд, у якім гаварылася пра здзек з царквы і замах рачонага Хрыста на сапраўдную веру, пра тое, што рачонага Хрыста магістрат, якому царква таго Хрыста аддала, прысудзіў (пры адным праціўніку, бурмістру Юстыну) пакараць, з хлуслівым сваім крыжам, літасціва і без праліцця крыві.
Латнік шліхтануў Юрася бізуном, каб лепей запомніў.
— Ясна, — сказаў той, ускідваючы на плячо цяжкі крыж. — Чаго б яны яшчэ пралілі? Кроў яны выпілі даўно, і з мяне, і з людзей.
І пайшоў па Ўзвозе ўгору. Вельмі-вельмі павольна. Цяжка было, дый спяшацца не было прычыны.
Лотр яшчэ гадзіну таму даслаў да Жабы ганца. Ля Ўздыхальні ўжо два дні назад быў падрыхтаваны касцёр дроў і слуп, і паводзіны войта, які адмовіўся змацаваць скарыстанне вогнішча сваім подпісам, выглядалі, па меншай меры, дзіўна. Трэба было даведацца, што гэта азначае, і, калі войт падпісваў канфірмацыю п'яны, дабіцца, каб закрэсліў свой подпіс і вярнуўся да старой сваёй прапановы, да кары агнём.
Кардынал стаяў на замкавым гульбішчы разам з Басяцкім, Камаром і свецкімі ўладамі, чакаў, слухаў, як далятаюць ад Нёмана анёльскія спевы, і глядзеў, як паўсюль — на вежах, на дахах, на мурах, на шпілях, у вокнах і на брамных кратах — стаіць, вісіць, туліцца, гамоніць, варушыцца народ.
А па Ўзвозе паўзла і паўзла ўгору стракатая і пыльная ўжо змяя працэсіі. Братчыку было пакутна цяжка ісці. Сонца паліла, ногі вязнулі ў пыле і пяску, якія былі за лета стакрот перамяшаныя нагамі, коламі грузавых павозак, капытамі коней. Увесь гандаль Гародні праплываў ад караблёў да складаў і ад складаў да караблёў гэтай дарогай. На ўвесь гэты гандаль ён, Юрась, і замахнуўся, ім быў прададзены.
Цяжка ісці. Пот лье з ілба. Каб уторкнулі ў рот заткала, як прапаноўвалі, не ўзышоў бы. Гэта і прымусіла іх адмовіцца. Гэта і яшчэ тое, што добра арганізаваны «справядлівы гнеў народны» заглушыць любыя ягоныя словы, каб нават і ўздумаў кідаць іх людзям. Цяжка! Вялізны крыж гне амаль напалам. Вось і канец камедыі, на ўдзел у якой яго сілком штурхнулі некалькі месяцаў назад.
Якраз у гэты час да гульбішча падляцеў ганец, скочыў з каня, узбег па сходах, пачаў шаптаць нешта на вуха Лотру.
— Хто? — пабарвавеў той.
— Невядома. Раніцай толькі і знайшлі. Не любіў ён, калі яго ад таго занятку адрывалі. Кажуць, манах нейкі заходзіў.
Лотр і Басяцкі глядзелі на натоўп. Манахаў пад капюшонамі там было сапраўды безліч і страшэнная сіла.
— Мо агледзець усіх? — ціха спытаў дамініканец.
— Ад вас, казалі, манах, — яшчэ цішэй сказаў ганец.
Пёс Божы збялеў:
— Не-не… Не будзем… Гэтага яшчэ не хапала, каб думалі, што гэта я руку прыклаў. А мне нашто? Мне з ім зручна было. Болей ужо мы такога дурнога войта не знойдзем, не тым хай будзе памянуты нябожчык… Добра, ідзі.
Яны глядзелі б на натоўп яшчэ з большым страхам, каб ведалі, колькі сярод людзей у расах ілжэманахаў, якія не разумелі па-латыні і слова, ніколі не жылі ў келлях і не праходзілі пострыгу.
— Дык што ж, — сказаў Лотр. — Подпіс зменены не будзе. Вогнішча?
— Вогнішча нябожчык не ўхваліў. Шыбеніца.
Басяцкі ўсміхнуўся:
— Залёгка думаеце яго жыцця пазбавіць.
— Не ведаю іншых спосабаў, каб без праліцця крыві.
Мніх-каплан зашаптаў нешта яму на вуха. Лотр падціснуў вусны:
— Ці не будзе занадта падобна да таго? Небяспечнае падабенства. Прымхлівасць чалавечая толькі таго і чакае. Такія чуткі ды легенды пойдуць.
— Лухта. Затое застрашліва. І ці не горш за вогнішча. Тое што, найбольш гадзіна. А тут найменш суткі.
Кардынал маўчаў. І ўрэшце кіўнуў галавою. Адважыўся.
— Мяшчане славутага месца! Войт наш хуткім чынам памрэ. Але якая б вялікая ні была наша журба — упадаць у роспач мы не павінны. Нам належыць перамагчы сваё сэрца і, спадзеючыся на волю Божую, тварыць далей справу ягоную. Царква не лье крыві. Войт не згадзіўся на вогнішча, і мы павінны паважаць яго апошнюю волю. Але, калі не змацаваны пячаткаю ўлады агонь…
Над натоўпам вісела мёртвае маўчанне.
— …хай вісіць гэта адроддзе пекла на хлуслівым сваім крыжы. Не прыбіты, як Збаўца наш, які выкупіў першародны грэх чалавечы (не, мы не будзем ганьбіць падабенствам смерці гэтага махляра вялікую смерць Езуса), а прывязаны, чым падоўжацца пакуты ягоныя ў выкупленне грахоў сваіх.