Рып, галасы і крык жывёлы былі не ў сне. Ён убачыў на грабяні скамянелую постаць Іуды, глянуў і жахнуўся.

Бег натоўп. Знясілены, выснажаны, ён, праўдзівей, хацеў бегчы, ды не мог. Нібы ў жахлівым сне.

Гналі чароды: няшчасных кароў, запыленых авечак. Дзяўчынка ледзь перастаўляла ногі, несучы на руках кацяня. Цягнулі нейкія каляскі, штурхалі тачкі з мізэрным скарбам. Ехалі вазы і рыпелі, рыпелі, рыпелі.

Брудныя, пыльныя, многія ў лахманах. Зноў тое, што заўсёды бачыў дагэтуль: боль, гнеў, асуджаная пакора, тупасць. Ля ног машынальна пераступаюць сабакі з высалапленымі языкамі. А гэтыя ідуць, такія заўсёдныя, такія брудныя і непрыгожыя. Вочы. Тысячы абыякавых вачэй.

І ўсё ж у гэтых вялікіх ад пакуты вачах было столькі чалавечага, столькі ад т ы х, што ў Хрыста ўпала сэрца. Гэтыя лахманы, падобныя на абрыдлівы брудны кокан. Якія матылі хаваюцца ў вас?!

Ён глядзеў. Многія слізгалі па ім пакутным позіркам і зноў ішлі.

— Што ж ты не даў знаць?

— А чаго? — голас у Іуды быў суровы. — Я адразу ўбачыў, што не татары. Чаго было будзіць стомленых? Каб паглядзелі?

Вочы ягоныя пачарнелі. Змрочныя вочы.

Прачнуліся і другія. Таксама падышлі. Натоўп не звяртаў увагі на людзей, што на ўзгорку. Рэдка хто кідаў позірк.

Магчыма, мора так і праплыло б паўз іх, але ў ім ішлі тры старыя знаёмыя Хрыста, тры «сляпыя» прайдзісветы, і адзін з іх заўважыў яго, штурхнуў сяброў.

— Ён, — сказаў нехта з іх пасля роздуму.

— А што, хлопцы, ці не свярбіць у вас тое месца, куды ён тады… — другі махляр пачухаў азадак.

— Ды не было ў яго, пэўна, больш.

— Кі-інь. Ну, не было. Дык баяцца павінен. Украсці, а даплаціць… Ну, як хочаце. Я не з міласэрных.

Астатнія ў знак згоды схілілі галовы. І тады махляр шалёна і прарэзліва залямантаваў:

— Браты ў го-ры! Лю-удзі! Ніхто нам не дапамога! Бог толькі адзін!

— Вось ён! — паказаў другі. — Ад слепаты вылечыў мяне!

— Ён Гародню ад голаду ўратаваў!

Людзі пачалі запавольваць хаду. Хто мінуў — аглядаўся назад. Заднія напіралі… Шалёна крычала старая, трымаючы за вяроўку, наматляную вакол рог, карову:

— Гандляроў выгнаў! Карову вось гэтую мне даў! Глядзіце, людзі, гэтую!

— Не трэба далей ісці! Ён тут! — загарлаў нехта.

— У Гародні — чулі?…

Братчык раптам убачыў, што натоўп зварочвае з дарогі і плыве да ўзгоркаў. Ён чуў крык, але словаў разабраць не мог. І толькі пасля нібы прарэзаліся з агульнага галасу паасобныя крыкі:

— Ён! Ён! Ён!

— Гэта яны чаго? — спытаў дурыла Якуб. — Біць будуць?

— А табе што, у першы раз? — Сымонавы вочы шукалі коней.

— Жах які, — сказаў Тадэй. — Хвалі, што пеняцца сарамотамі сваімі.

Раввуні паціснуў плячыма.

— Гэта азначае — прыйшоў час, — сказаў Раввуні.

Натоўп набліжаўся, паступова аточваў іх. І раптам стогн, здаецца, скалануў узгорак:

— Божа! Божа! Бачыш?!

Цягнуліся чорныя далоні, худыя жылаватыя рукі. І на закінутых тварах жылі вочы, у пакуце сваёй падобныя на вочы тых, у сне.

— Прадалі нас! Рада царкоўная з татарынам спелася!

— Войскі стаяць… Не ідуць!… Не ратуюць!

— Адзін ты ў нас застаўся!

— Зброі!

— Прадалі… Хаты спаленыя.

Тысячавокі боль знізу поўз да шкаляра.

— Забітыя яны ўсе! Стань галавою! Ратуй!

— Людзі! Што я магу?…

— Ратуй нас! Ратуй!

— …Я жабрак, як вы, бяссільны, як вы.

— Пакажы сілу тваю! Дзяцей пабілі.

Клікалі вочы, рукі, раты.

— Я — самазванец! Я — махляр!

Але ніхто не чуў, бо словы танулі ў агульным ляманце.

— Ратуй! Ратуй!

— Што рабіць? — ціха спытаў Раввуні.

— Нічога, — сказаў Фама. — Тут ужо нічога не зробіш.

І Братчык зразумеў, што тут сапраўды нічога ўжо не зробіш. І ён узняў рукі і трымаў іх над крыкам, а пасля над цішынёю.

Ён памятаў, якімі ён бачыў іх у сне.

Увесь дзень і ўсю ноч кіпела, віравала тысячарукая чалавечая праца. Згодна з невядомым пакуль планам Братчыка людзі прыйшлі на гэта возера, з трох бакоў абкружанае лесам. Вялікае, плыткае і топкае возера са шматлікімі астраўкамі.

На самым вялікім з астраўкоў быў калісьці замак Давыдавічаў-Кароткіх, нашчадкаў колішніх пінскіх князёў. Замак даўно быў разбураны. Заставалася толькі затравелая дарога праз лес. Яна калісьці была засыпана каменем, таму і не зарасла.

Сутыкнуўшыся з возерам, дарога ўспаўзала на штучную дамбу і ішла возерам яшчэ сажняў трыста, пакуль канчаткова не абрывалася. Калісьці, як замак яшчэ быў цэлы, людзей і коней перавозілі адсюль да вострава на вялікіх цяжкіх плывіцах. Цяпер і плывіцы дагнівалі па берагах ды на дне. Дый сама дамба зарасла па абодвух схілах вялікімі ўжо меднастволымі хвоямі, чорнай вольхай, дубкамі і хуткімі ў росце волатамі ясакарамі.

Натоўп займаўся тым, што цягнуў дамбу яшчэ далей. Мільгалі рыдлёўкі, рыпелі коламі вазы з пяском, сыпалася зямля. Угразаючы ў глеі, людзі цягнулі вярэйкі з зямлёй, трамбавалі. Кіпела шалёная праца. Усе верылі: не паспееш зрабіць справу ў тэрмін — канец. За суткі дамбу працягнулі яшчэ сажаняў на дзвесце. Да астраўка заставалася яшчэ столькі, колькі было зроблена, з невялічкім гакам. І тут работу спынілі. Пачалі забіваць у дно палі з роўна зрэзаным верхам.

Толькі тут ачуняла Магдаліна. Загадала паклікаць Хрыста. Замест яго прыйшоў цыган Сымон Кананіт, сказаў, што Хрыстос, Фама, Іуда і яшчэ некалькі чалавек ловяць дарогаю ўцекачоў і прымушаюць іх ісці ў Крыцкае ўрочышча, дзе сабраўся ўжо сякі-такі народ: рэшткі разбітых вартавых атрадаў з маленькіх гарадкоў, узброеныя вольныя мужыкі, дробная шляхта… Магдаліна ахнула, даведаўшыся, колькі была ў непрытомнасці.

— Ды ты разумееш, што Анею яны з кляштара павезлі?!

— Анею? Позна. Уквэцаліся ў такую саладуху, што ці будзем жывыя. Застанемся на зямлі — знойдзе. А не, то і Анея і іншыя будуць нам без патрэбы.

…Хрыстос сапраўды тым часам перапыняў уцекачоў. Наскроб трохі людзей. Ганцы з возера даносілі, што справа ідзе, але да канца яшчэ даволі далёка. Ганцы з татарскага боку спавяшчалі, што Марлора ідзе, што ён блізка, што частку коннікаў, на чале з Сялімам, аддзяліў і паслаў на Волхаў: гнаць быдла дзеля катлоў, коней дзеля падмены і паліць дарогаю вёскі, гарадкі і крэпасці. Хрыстос, пачуўшы аб падзеле, пачаў лаяцца так, што ганец з павагі толькі галавою круціў… Пасля ён сеў і думаў некалькі хвілін. Хрыстос надумаўся. Паклікаў распарадчыка, змрочна сказаў:

— Хутчэй забівайце палі. Не паспяваем… Таму ты, ганец, скачы да Марлоры, нясі яму вось жменю зямлі.

— Ты што? — збялеў ганец. — Зямлёй кланяцца?!

— Лепей прыгаршчай, чым усёй, ды яшчэ з тваёй шкураю ў дадатак. Скажы, што ваяводы разбегліся, што папы моляцца, што не маюць яны права гаварыць, калі сам Бог тут… Скажы: хай возьме сорак чалавек і чакае мяне на Князёвым кургане. Скажы: я вазьму трыццаць воінаў. Слова даю.

— Ды нас дваццаць восем, — сказаў начальнік варты.

— Са мною Фама і Іуда… І я прыйду да яго. Будзем гаварыць. А войскі нашыя хай будуць далёка за нашымі спінамі. За трэць дня дарогі. Ну, давай.

Ганец пусціў белага наўскач.

РАЗДЗЕЛ ХХХІІ МЯСА ПА-ТАТАРСКУ, АБО ПАДСТАЎ ДРУГУЮ ШЧАКУ

У другі раз я хацеў падцерці зад кошкай, але яна падрапала мне абодва паўшар'і.

Рабле

Курган быў утаптаны стагоддзямі да каменнай цвёрдасці, зарослы пушыстым палыном, лямцаватым сабачнікам, укрыты сінімі зоркамі цыкорыя і ўвесь застаўлены чартапалохамі, што тапырылі свае стальныя дзіды і высока ўзносілі малінавыя шапкі.

Вельмі стромы, нягледзячы на ўзрост, ён высока-высока ўзвышаўся над гэтым роўным, амаль не паплямаваным дрэвамі, вялікім аполлем сярод лясоў. Куды ні зірнеш — роўнядзь. Толькі вельмі далёка, на самым даляглядзе, дымна сінелі бясконцыя лясы.

— Якшы, — сказаў Марлора. — Абшар. Коням ёсць дзе пасвіцца, воку ёсць куды глядзець. Мы падумаем. Можа, мы ў наступны раз прыйдзем і застанемся тут. Тады мы прымусім вас высечы лясы, гэтую брыду, дзе няма куды глядзець, дзе лёгка хавацца баязліўцам.