…Мяркую, што ў нашай краіне не адзін я з'яўляюся аматарам нашай старажытнай беларускай мовы, яе чароўнага, лаканічнага і трохі наіўнага стылю. Таму я не магу не парадаваць астатніх, адступаючы сям-там ад майго няскладнага шматслоўя і даючы словы чалавеку, які сам бачыў гэта і расказваў аб гэтым залатой па сціпласці, народнасці і гумару тагачаснай мовай. Нашы летапісцы былі дзіўныя людзі. Нават хлусня іхняя была празрыстая і давала магчымасць убачыць на дне праўду. Магчыма, яны не надасканаліліся ў брахні ці, можа, назнарок рабілі гэта. Але, нават мечучы перуны і бліскавіцы, яны самым стылем сваім паказвалі, што сімпатыі іхнія на баку гарластых, дзёрзкіх, знаходлівых людзей, якія ўмеюць абвесці вакол пальца нават самога Бога, а ўжо служак ягоных і пагатоў.

Адзін з летапісцаў больш за ўсіх наблытаў вакол гісторыі ілжэ-Хрыста, калі не лічыць, вядома, Марціна Бельскага. Услед за Бельскім ён, магчыма, не па сваёй волі, змяшаў Братчыка з каронным самазванцам Якубам Мялшцінскім, махляром, на якім пробы недзе было ставіць. Нават гісторыю з сукняй ён аднёс у Чанстохаў. Тое, што здарылася з ілжэ-Хрыстом пасля, зрабіла так, што нават успаміны аб ім сталі смяротна небяспечныя.

Але апавяданне аб сукні напісана ў яго такой цудоўнай грубай і плоцкай мовай, так па-беларуску гавораць, гарлаюць і спрачаюцца ў ім удзельнікі гэтай гісторыі, такія яны жывыя, нягледзячы на адлегласць стагоддзяў, што я не магу пазбавіць вас, сябры мае, радасці патрымаць яго ў руках, памацаць яго разам са мною, пакаштаваць на язык.

Я не магу абакрасці вас, зрабіць вас бяднейшымі, адабраўшы ў вас гэтую маленькую жамчужыну, згубленую ў старой пыльнай кнізе. І адначасова гонар мой не дазваляе мне выдзерці кавалак з «Кронікі Белай Русі» і паднесці яго вам як сваё. Таму буду казаць я, а там, дзе слабы будзе мой язык, я дам словы летапісцу, які наблытаў і сям-там нахлусіў, але застаўся геніем стылю, геніем мовы, геніем хітрай іроніі і сонечнага гумару.

Дам словы беларускаму летапісцу Мацею Стрыкоўскаму, каноніку, які больш за ладан любіў жывога чалавека і з'едлівы чалавечы смех.

І вось ён кажа пра гэта:

«А меў той шалёны дваістую сукню, на тое ўмыслене ўробленую, дзе межы разпора могл улажыць, што хацеў, а камыкаў яму межы сукню і кашулю наклалі, ад цела…»

Яны прыйшлі да Маці Божай Вастрабрамскай. Зноў у шапках. Назнарок. Каб бачылі.

І здарылася так, што першы чалавек, які падскочыў да іх, быў той сівавусы, які бачыў Хрыста падчас выгнання гандляроў з храма і першы прызнаў яго не за махляра, а за Бога, стаўшы на калені.

— Шапку скінь, басурман!!! Бо-о!…

На крык азірнуліся бліжэйшыя, і тут Хрыстос са здзіўленнем убачыў, што ў натоўпе зашмат знаёмых твараў. Быў тут малады паплечнік сівавусага, старая, што калісьці маліла аб карове, яшчэ сёй-той і — ён не верыў вачам — той самы кіраўнік ваўкавыскіх мужыкоў, які тады абараніў яго ад Басяцкага і Карнілы, а пасля кінуў, сказаўшы: «Ты з вясною прыходзь. Як адсеемся».

— Свет цесны, — сказаў Хрыстос. — Цябе што, паветрам сюды прынесла?

Сівавусы ўсё яшчэ лез. І раптам ахнуў:

— Пане Божа… Хрыстос…

— Я, — сказаў Братчык. — Ну як, адсеяўся?

Той нізка апусціў галаву.

— Як быццам я не казаў, што сеяць можна… калі ёсць чым. Чаго гэта тут так хутка? Управіўся бліскавічна. І сюды раней за мяне трапіў.

— Не бі па душы, — сказаў той. — Усё ў нас забралі. Ані шэлега падатку не скінулі… Ды тут шмат нашых… Ледзь не палова… Вёскамі бягуць ад голаду. Палова краіны на поўнач сыпанула. На Полаччыну, у Гародню, сюды, на Мядзель. Паўсюль, дзе татар не было, як падвоіўся народ. Усё ж, можа, кавалак хлеба заробіш, не памрэш.

— Ну і як, зарабіў хаця першую лусту?

— Занадта нас густа, каб была луста, — сказаў сівавусы.

— Ледзь не мруць людзі, — сказаў мужык. — А што ж будзе зімой? Душу б заклаў, каб здабыць насення ды хаця трошкі хлеба. Пад карчом зімаваў бы. Як мядзведзь. Палова краіны на поўнач сыпанула.

— Каму яна патрэбная, твая душа, — сказаў сівавусы.

Хрыстос меў досыць далікатнасці, каб не нагадаць ім усяго, не расказаць, як самога яго цкавалі сабакамі. Да таго ж, натоўп ужо заўважыў чалавека ў шапцы. Адусюль штурхаліся дбайнікі аб святасці месца.

— Шапкі далоў! Шапкі прэч! Ану, збіце! — няголасна пакрыквалі яны.

— Сто-ой! — залямантаваў сівавусы.

Крычаць, тым больш гарлаць, тут было не паложана, і таму натоўп здзіўлена змоўк.

— Гэтаму дазволена! Ён татар паграміў! Гэта Хрыстос!

Цішыня. Аглушальная цішыня. І раптам гурма выбухнула такім крыкам, якога нават у самыя страшныя аблогі і сечы не чулі гэтыя сівыя муры.

— Хрысто-ос!!!

Ускінуліся са званіц вароны і груганнё.

— Прыйшоў! Прый-шоў! — цягнуліся рукі.

— Зачакаліся мы! Тугой сышлі! — лямантавалі змарнелыя твары.

— Шкуру з нас апошнюю зажыва здзерлі!

— Котлішчы, попел вакол! — плакалі закінутыя вочы.

— Магнаты ды папы ненасытныя!

— Жыцця! Жыцця дай! Зажыва паміраем!

Тады ён стаў падымацца на гульбішча. Ён быў упэўнены: правільна ён зрабіў, што нанясе ўдар тут. Ён толькі не ведаў, што тут столькі тых, якія ішлі з ім на татар, якія ведаюць яго, з якімі яму будзе лягчэй.

Вось яны. Мора.

Каплан стаў перад ім, загарадзіў дарогу.

«Маленькі, падобны на бачонак, чалавек. Пэўна ў гэты час павінен правіць тут імшу. А за спіною ягонай — манахі, служкі. Гэтых не пераканаеш, што не хоча ён абразіць святыню, што ён проста хоча зрабіць тое, на што з ахвотаю пайшла б і сама вялікая Жытняя баба, маці ўсяго сутнага, якая толькі трохі змяніла тут свой твар. Маці. Гаспадыня беларускай зямлі.

Тая, якая дае сілу хлебу. Нашто ёй жыць, калі памруць тыя, хто верыць у яе».

— Стой, — сказаў каплан. — Ты хто?

— Хрыстос.

— Калі ты Хрыстос, дзе маці твая? Дзе сёстры і браты?

— Я маці яму! — крыкнула з натоўпу старая, што маліла аб карове.

— І я!… І я!

— Мы яму браты! Мы сёстры! Мы! Мы!

І гэты крык прымусіў Братчыка забыць, што за ім палявалі, бо людзі кінулі яго. Гэты крык зрабіў тое, што свет неяк дзіўна затуманіўся ў яго вачах, і ён упершыню не асудзіў свой лёс.

«Магла ж сапраўды быць хата».

І ён нібы ўспомніў хату пад яблынямі… Старых на траве… Ціхую рэчку, дзе вадзіліся самы. Самога сябе, які пускаў на купалле вянкі.

І ўжо разумеючы: так трэба… так трэба дзеля святой прыналежнасці да гора ўсіх гэтых людзей, да радасці іх, да агульнага жыцця ўсіх людзей, ён сказаў (і гэта была праўда):

— Была ў мяне хата. Далёка-далёка. Там цяпер вогнішча. Попел. Прах. Як ва ўсіх вас. І вінаваты я, ведаю: забыў. У гонары сваім узнёсся, пагарджаў, ніжэй сябе лічыў, даруйце мне. А цяпер успомніў… Ану, гець з дарогі!

Са звонам вылецела вялізнае акно: як заўсёды, перастараўся Піліп.

— Даруй, маці Сутнага, Ціоця, Жытняя баба, Маці Божая, — сказаў Братчык. — Табе ж не трэба.

І ён прыгаршчамі стаў браць з алтара золата і каштоўныя каменні і сыпаць іх між сукнямі. Каплан, убачыўшы святатацтва, пабег, каб разам не загінуць ад немінучай нябеснай маланкі.

«…і кеды быў да алтара прыведзены, з рук іх вырваўшыся, яка шалёны прыпаў да алтара, на якім было поўна пенязей* і камыкаў, на афяру злажоных, і, хвацяючы пенязі, клаў іх сабе ў распор аж занадта. Мніх-каплан, каторы на той час мшу справоваў, ад страху ўцёк».

* Грошай.

Народ на вуліцы чуў крыкі. Пасля сам каплан бачонкам скаціўся з гульбішча, кінуўся прэч:

— Да алтара прыпаў! Камні хапае! Матка Боска, ды лясні ты яго па галаве!

…Служкі схапіліся за мячы, — стаў на дарозе ў іх Тумаш. Выставіў наперад даволі магутнае, хаця і падупалае ад галадоўкі, пуза. Напнуў грудзі.

— За зброю хапаецеся? Пры Маці? Я вам хапану. Я вас зараз так хапану!…

Тыя сумеліся. І тады на Хрыста кінуліся ашаломленыя было манахі. Схапілі за пояс, здзерлі яго…

«Па ім (каплану) другі мнішы, адумеўшыся, прыпадуць пояс на ім абарваць, мнімаючы, бы пенязі клаў за кашулю занадта, але ад тамтоля толькі камыкі павыпадалі, а пенязі ся ў распоры, за падшыўкаю сукні засталі. Мніхі, здумешыся… думаючы, бы пенязі ў каменне ся абярнулі справаю дыявальскаю, пачалі заклінаць каменне і малітвы над нім модліць і псалмі спяваць, абы ся знову ў першую форму сваю абярнулі».