— І тут брэшаш ты, сцвярджаю, — сказаў манах.

— Чаму? Вось наш папа сказаў багасловам, якія давялі неўміручасць душы: «Меркаванні, прыведзеныя вамі на карысць сцвярджальнага адказу, здаюцца мне глыбока прадуманымі, але я аддаю перавагу адмоўнаму адказу, бо ён падахвочвае і схіляе нас з большай увагаю ставіцца да свайго цела і мацней даражыць сённяшнім днём».

— Не можа быць, — ахнуў нехта.

— Клянуся! Таму я і кажу вам, сыны мае, што куды б яны ні ставілі дух — справы ім да гэтага няма, і спрэчка гэтая не каштуе выедзенага яйка. Жаруць не ў сябе курэй, і рыбу, і мёд, і заморскую садавіну, і віна, крычаць пры гэтым аб духу для вас, а клапоцяцца аб плоці сваёй. Вось вам ганьба сённяшняга дня. Не слухайце іх філасофіі. Таму што яны ліцамеры, труны павапленыя. Справа ім да думак! Ім абы вы думалі, як яны, і не перашкаджалі ім жэрці.

Лотр і Басяцкі пераглянуліся.

— Ты загадаў адцягваць спрэчкамі ўвагу, — сказаў праезуіт. — Чуеш? Гэта ж падбухторванне!

— Людзі, якім сапраўды важны чалавечы дух, плоццю сваёй плацяць за жывых. Вогнішчам, гаротным выгнаннем, турмою, катаваннямі, паклёпам брудным, які на кожным з іх. А гэтыя махлярчыкі і брахуны? Шмат яны пакутнікаў далі за апошнія стагоддзі? Калі і далі, то гэта былі простыя цёмныя ваякі царквы ваяўнічай, якія па тупасці сваёй не здолелі разабрацца ў тым, што ніводны біскуп, крычучы аб духу, не гіне за веру. Яны клічуць вас у крыжовы паход супраць туркі і няверныя, збіраюць на гэта грошы з простых. А вось што піша адзін з нямногіх сумленных біскуп Іаган Бурхард*. «50блудніц скакалі ў скоках, якія не апіша прыстойнасць. Спачатку адны, а пасля з кардыналамі… І вось папа зрабіў знак да спаборніцтва, і… госці пачалі чыніць з жанчынамі…» Я не буду абражаць вашага слыху, простыя і наіўныя, але ўсё гэта рабілася на вачах у другіх, а дачка папы сядзела «на высокім подыюме і трымала ў руках узнагароду спаборніцтва, якую меў атрымаць самы стойкі, палкі, няўтомны».

* Цырымоніймайстра папы Аляксандра VІ, аўтар «Дзённіка рымскай курыі».

Дамініканец сціснуўся і ўжо нават не спрабаваў лезці ў спрэчку. А голас Крыштофіча грымеў:

— Вы адмаўляеце сабе ва ўсім дзеля нябеснага Ерусаліма, галадаеце і мерзнеце, льеце кроў, а яны, лежачы з блудніцамі, падбухторваюць вас: «Так, так». Дыякан часоў першапакутнікаў мог не баяцца чэрава львінага на рымскай арэне, апостал нават не баяўся крыжа, а ў нас знайшоўся адзін толькі, бедны нясвізкі пакутнік Аўтроп. Чалавек, які досыць не еў поліўкі з часнаком, чалавек, якому вера ягоная нічога не дала, аддаў за гэтую веру больш, чым тыя, каму яна дала ўсё. Аддаў самае дарагое, што ў яго было: нясытае, вартае жалю, але ўсё ж ж ы ц ц ё. І не толькі за людзей, а і за майно царквы, дробачкі якога хапіла б, каб дзеці ягоныя ўсё жыццё не клаліся спаць нагаладзь. Бедны чалавек! Бедны святы дурань! Вялікі святы дурань! Ён не ведаў, што рыба даўно ўжо смярдзіць з галавы!

Людзі маўчалі нейкім новым, нябачным дагэтуль маўчаннем. І тут загрымеў раптам голас. Лотр не вытрымаў.

— Ерась вярзеш! Перакульваеш трон Хрыста, філосаф!

Усе глядзелі, як ён жалезнай пальчаткай адкінуў капюшон і явіў людзям румяны ад гневу твар. Басяцкі не паспеў затрымаць яго і зараз ужо не мог адкрыць сваё інкогніта.

«Што ж, — падумаў ён, — хай атрымае па пысе. А атрымае. Не дужа спрытны ў спрэчках, а я не маю права падтрымаць. І каму гэта патрэбна ў такі дзень?!»

— Гэта ён не тое мае на ўвазе. — Крыштофіч звярнуўся да натоўпу, нібы ўключаючы яго ў тое, што мела адбыцца. — Ён хоча сказаць, што філосафы і тыя, хто піша, куляюць нібыта трон Хрыста, каб пасля кульнуць трон Цэзара. Вось чаго ён не любіць. Да Хрыста яму — э-эх!

Натоўп скамянеў ад жаху. Крыштофіч, не спалохаўшыся сваіх словаў, сказаў з усмешкай:

— Хто можа быць супраць словаў «любіце бліжняга»? Я — не!

У гурме пачуліся ўздыхі палёгкі. Да апошняй ерасі, да адмаўлення Бога, не дайшло. Дый Крыштофіч быў далёкі ад гэтага.

— Але паглядзіце, як разумеюць гэтую любоў тыя, што смярдзяць з галавы. Хрыстос пераконваў, даводзіў, ён нікога не судзіў і не забіваў. А яны? Усе яны?

— А я табе кажу, што лютарцы лепшыя! — крыкнуў з натоўпу нейкі патаемны паборнік новага вучэння.

— Лепшыя, як адна купа гною за другія. Няма лепшых! Хіба ён не праклінае тых, хто гаворыць аб роўнасці? Што, Лютар не хрысціянін? А мужыцкі Тумаш?* Што, Хіва не іудзей? А тыя, хто крычаў, каб яго пабіць камянямі, яны хто? Туркі? Што, Вяргілій Шатландскі не каталік? Вальд не каталік? А тыя, што палілі іх, яны хто? Язычнікі? Магаметане — магаметан! Іудзеі — іудзеяў! Хрысціяне — хрысціян! Свае сваіх! Цэрквы ваяўнічыя! Вам паўтараю, сыны мае. Заўсёды так, калі рыба смярдзіць з галавы.

* Мюнцар.

— Клірык, — сказаў з пагрозаю кардынал. — Ерась чаўпеш параўнаннем тым. Даўно спадзяваўся на вогнішча?

Альбін толькі крэкнуў:

— Ці да вогнішча зараз? Вось прыйдзе той, хто набліжаецца да горада, і дашле на яго перш за ўсё вас, а пасля, за кампанію, і мяне. Хто ведае, ці не будзе праўды ў гэтым ягоным учынку.

Лотр бачыў: людзі стаяць вакол яго сценкай. З ерэтыком нічога нельга было зрабіць — будзе бунт, будзе горш. Ён ужо шкадаваў, што ўлез у дыспут, але і пакінуць поле за падбухторшчыкам, хай сабе міжвольным, было нельга. Даводзілася спрачацца.

— Якая ж праўда ў знішчэнні сыноў веры? — амаль ласкава сказаў ён.

— Сыноў веры? — ціха спытаў францысканец. — Былі мы сынамі веры. Зараз мы — гандляры праўдай, і самае існаванне наша на беларускай і ўсякай іншай зямлі — знявага Пану Богу. Гандлюем праўдай. Судзім праўду. Паўтараю: Хрыстос не дамагаўся суда і не меў яго. Як жа ён мог даць у рукі намеснікам сваім і іншай бандзе тое, чаго не меў сам? У спадчыну ж можна пакінуць толькі тое, чым валодаеш.

— Змяніліся часы, фратэр.

— Ты хочаш сказаць, што богачалавек, крычучы не аб судзе, а аб справядлівасці, крычаў так проста таму, што не меў сілы? І што, як толькі прыходзіць сіла, трэба не крычаць аб справядлівасці, а душыць яе?

Лотр сумеўся:

— Зусім не так, але зусім адна справа хрысціянін часоў Нерона і зусім другая — нашых часоў. Першы бараніў, другі — усталёўвае.

— Што ўсталёўвае? — наіўна спытаў фра Альбін. — Тое, аб чым казаў Бог?

— Але.

— Бог казаў аб сціпласці і беднасці — мы рабуем царкоўную і мірскую маёмасць, рабуем працу простых. Бог не ведаў плоцкай любві, хаця яго ўсе любілі — нас не любіць ніхто, але мы кладзём распусніц на ложак свой і сілком цягнем на яго сумленных дзяўчат і замужніх кабет. Ён нагадаваў народ — у нас галодныя здыхаюць ля дзвярэй, у апошнюю хвіліну сваю чуючы гукі папойкі. Бог аддаў кроў сваю — мы гандлюем прычасцю… Брудныя сласталюбцы, сыны блудзілішча, люцыпары — вось хто мы!

Ён змоўк на хвіліну.

— То, значыць, г э т а ўсталёўвае судом і каразнамі сучасны хрысціянін? Як мы станем перад абліччам Бога? П'яныя, брудныя, з кісцянём у руцэ і нарабаваным золатам у торбе, з шлюхамі, з мёртвымі немаўлятамі на дне царкоўных ставоў. Думаеце, яны не пакажуць пальчыкамі на сваіх бацькоў і адначасова катаў?! І як Бог разбярэцца ў вашым сваяцтве, калі вы самі ў ім не разбіраецеся, паскуднікі, бо спіцё з маткамі сваімі, цёткамі, сёстрамі, дочкамі ад іх, сваімі і братневымі, і з дочкамі гэтых дачок ад сябе і ад іншых, так што ўрэшце сам сатана не разабраўся б, хто там каму ў якім сваяцтве сваяк, і самі вы ўрэшце робіцеся бацькамі сабе самому і сынамі саміх сябе. Мы жылі і раскашавалі, ведаючы, што такое цвярозая крытычная думка, а стаўшы сынамі догмы, разам з вамі ператварыліся ў быдла, бо яшчэ святы Геронім казаў: нідзе не знайсці гэткага быдла, фарысеяў, атрутнікаў простых, як сярод служак веры і ўладароў. І гэта праўда, бо падчас імшы качаецеся п'яныя на прыступках алтара і ўзводзіце ў святых самадаек, пэўна, каб праведнікам у раі было трохі весялей.

Вочы брата Альбіна ліхаманкава, светаносна блішчэлі, рот дрыжэў ад гневу, ссунутыя бровы трапяталі.

— Будзьце вы праклятыя, хлусы! Здохніце ад паганых хвароб, як здыхаеце, гніль! Вы, зводнікі чыстых! Вы, каты сумленных! Манастыры вашы — пітомнікі садамітаў і могілкі неахрышчаных душ. Праклён вам, начныя грамілы, вечныя скажальнікі ісціны, каты чалавека! Ідзіце да такой матары… ды не, жанчыны не імуць граху, калі ў свеце існуеце вы, ідзіце да д'ябла, мярзотнікі! Дармаеды, паразіты, Садом і Гамора, рабаўнікі, забойцы, садаміты, зладзеі. Спапялі вас гнеў Божы і чалавечы!